Адразу шэсьць каталіцкіх парафій на поўдні Беларусі засталіся бяз пастырскага служэньня

Касьцёл у Косаве, архіўны здымак

Двум сьвятарам у Беларусі забаранілі служэньне. Больш за дзесяцігодзьдзе абое служылі ў Берасьцейскай вобласьці. Біскупы пракамэнтавалі сытуацыю.

Беларусь вымушаны пакінуць два польскія сьвятары, якія шмат гадоў служылі на Берасьцейшчыне. Як паведаміў праз дыяцэзіяльны сайт біскуп Пінскі Антоні Дзям’янка ў сваім звароце да вернікаў, Пінская дыяцэзія не атрымала ад дзяржаўных уладаў узгадненьня на далейшае служэньне сьвятароў. 8 сакавіка зь імі разьвіталіся ў парафіях, адзначае Katolik.life.

Два сьвятары, якія выяжджаюць зь Беларусі — гэта ксёндз Адам Страчынскі, які на працягу 11 гадоў быў душпастырам у Івацэвічах, Косаве і Вольцы, і ксёндз Павал Кручэк, які 13 гадоў служыў у Янаве, Драгічыне і Безьдзежы. Такім чынам, адразу шэсьць парафій у трох раёнах засталіся безь сьвятароў.

Як падкрэсьлівае каталіцкая старонка, гэта здарылася ў час важнага літургічнага пэрыяду — Вялікага посту, і часу падрыхтоўкі да Пасхі.

Вось што сказалі на гэты конт біскупы, зьвяртаючыся да вернікаў.

Біскуп Антоні Дзям’янка адзначыў, што дыяцэзіі вельмі складана забясьпечыць усе парафіяльныя супольнасьці рэгулярнай душпастырскай апекай.

«Сёньня мы перажываем такі пэрыяд, калі не хапае мясцовых душпастыраў. Молімся аб пакліканьнях да сьвятарскага служэньня і падтрымліваем нашых сэмінарыстаў. Шматгадовы пробашч ад’яжджае з вашых парафій не па сваёй волі. Гэта боль для ўсіх нас. Але мы — біскупы і сьвятары — будзем дапамагаць і падтрымліваць вас», — зьвярнуўся герарх да вернікаў шасьці парафій, якія засталіся бяз пастыраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У базыліцы Сьвятога Пятра ў Рыме служылі імшу па-беларуску для 500 пілігрымаў. ФОТА, ВІДЭА

Генэральны вікарый дыяцэзіі біскуп Андрэй Зноска таксама выказаўся. На сваёй старонцы ён напісаў, што ў час візыту ў Гомель падзяліўся перажываньнямі, зьвязанымі з выездам зь Пінскай дыяцэзіі двух сьвятароў, якім ня быў узгоднены дазвол на рэлігійную дзейнасьць:

«Прымусовы ад’езд ксяндза Паўла зь Янава і ксяндза Адама з Івацэвічаў — вялікая бяда для нашай дыяцэзіі, бо асірацелі і засталіся бяз пастырскай апекі вернікі аж трох раёнаў, і што далей рабіць — ня ведаю… Толькі малітва супольнасьці Касьцёлу суцяшае ў смутку і дадае надзеі».

У Пінскай дыяцэзіі праз востры недахоп сьвятароў многія ксяндзы вымушаныя абслугоўваць адразу некалькі парафій у розных, часта аддаленых населеных пунктах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бараўлянах адбылася прэзэнтацыя перакладу «Пяцікніжжа Майсея» на беларускую мову