Як адзначаецца ў паведамленьні, пакуль на Нёмане, Вяльлі і прытоках Дняпра вада знаходзіцца на пойме, а на Бярэзіне, Сьвіслачы і прытоках Прыпяці яна ўжо блізкая да адзнак выхаду вады на пойму.
Паводле гідролягаў, у найбліжэйшыя дні прырост узроўню вады на рэках захаваецца, а на Сьвіслачы і рацэ Убарць адзнакі выхаду вады на пойму будуць перавышаныя.
«На рэках краіны працягваецца рост ўзроўню вады вясновай паводкі з інтэнсіўнасьцю ад 1 да 15 сантымэтраў за содні», — удакладнілі ў Белгідрамэце.
9 сакавіка на рэках басэйну Дзьвіны, на Дняпры, Бярэзіне, Сажы, большай частцы Нёмана, Вяльлі і Прыпяці, а таксама на асобных іх прытоках назіраецца ледастаў і ледастаў з палонкамі, вада выйшла на лёд, месцамі яго ўзьняла.
На вадасховішчах Вялейскім, Чыгірынскім, Салігорскім, Заслаўскім, Чырвоная Слабада, азёрах Нарачы, Дрывятах, Чырвоным і Лукомскім яшчэ застаецца ледастаў, у ледзяным покрыве месцамі адзначаюцца палонкі і вада на лёдзе. Выходзіць на лёд небясьпечна, падкрэсьлілі гідролягі.
Раней прагназавалі, што сёлета празь вялікі запас сьнегу пад вадой можа апынуцца да 60% тэрыторыі Беларусі. Найбольш ад такіх зьяваў цярпіць Гомельская вобласьць. Вясновая паводка традыцыйна пачынаецца на Прыпяці, Сажы і Дняпры.
Некалькі дзён таму міністар у надзвычайных сытуацыях Беларусі Вадзім Сіняўскі заявіў, што сёлета чакаецца «плянавае праходжаньне паводкавай сытуацыі».
Найбольшая паводка ў Гомельскай вобласьці адбылася ў 2023 годзе. Тады пад вадой апынуліся сотні падворкаў, жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў, а людзей часова адсялялі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заявілі аб адзінкавых выпадках падтапленьняў і зьмянілі прагноз аб паводцы