«На сёньня ўсё стабільна. Нейкіх сур’ёзных праблемных пытаньняў мы ня бачым, ёсьць адзінкавыя звароты нашых грамадзян. Апэратыўна ўключаемся ў адпампаваньне вады, і пытаньняў ад насельніцтва не вынікае», — працытавалі Вадзіма Сіняўскага ў Telegram-канале міністэрства.
Паводле яго, да гэтай сытуацыі змаглі падрыхтавацца з улікам вялікай паводкі ў Гомельскай вобласьці, якая адбылася ў 2023 годзе.
«Чакаем плянавае праходжаньне паводкавай сытуацыі ў поймах рэк Прыпяць, Сож, Дняпро. У 2023 годзе была сурё’зная паводкавая сытуацыя на Гомельшчыне, калі вада падыходзіла фактычна да шматкватэрных жылых дамоў. Таму мясцовыя ўлады ўхвалілі рашэньне ўзьвесьці 7 ахоўных дамбавых збудаваньняў, каб папярэдзіць імавернасьць падтапленьня месцаў, дзе пражывае насельніцтва», — адзначыў міністар.
Раней прагназавалі, што сёлета празь вялікі запас сьнегу пад вадой можа апынуцца да 60% тэрыторыі Беларусі. Найбольш ад такіх зьяваў цярпіць Гомельская вобласьць. Вясновая паводка традыцыйна пачынаецца на Прыпяці, Сажы і Дняпры. Але з 26 лютага, калі выйшаў апошні агляд Белгідрамэта аб гідралягічнай сытуацыі, інфармацыю аб зьменах узроўню вады на беларускіх рэках больш не публікуюць.
Найбольшая паводка ў Гомельскай вобласьці адбылася ў 2023 годзе. Тады пад вадой апынуліся сотні падворкаў, жылых дамоў і гаспадарчых пабудоваў, а людзей часова адсялялі.
Форум