Чым скончылася перасадка касьцявога мозгу ў маладога беларускага музыкі Генры

Генадзь Буракоўскі

«На апошніх двух сканаваньнях усё чыста, так што ўсё атрымалася, здаровы чалавек!». Малады беларускі музыка Генадзь Буракоўскі, які ў 30 гадоў даведаўся пра вялікую пухліну ў грудзях, расказаў Свабодзе, як аднаўляецца пасьля перасадкі касьцявога мозгу.

Генадзю Буракоўскаму 31 год. Ён жыве ў Варшаве. З адукацыі музыка і будаўнік атамных электрастанцый, працуе ў таксі. Гісторыя ягонай хваробы пачалася больш за два гады таму. Зьнянацку пачало моцна сьвярбець усё цела, паўгоду Генадзю не маглі паставіць правільны дыягназ. Лекары вырашылі, што ў яго праблемы з скурай, выпісвалі мазі. Урэшце на грудзях паказалася ўшчыльненьне. Гэта была лімфома Ходжкіна — пухліна 15 на 12 сантымэтраў, якая ціснула на лёгкія і нават зламала грудзіну.

Паўгоду хіміятэрапіі не дапамаглі. Каб арганізм справіўся з наватворам, Генры патрэбна было зрабіць перасадку касьцявога мозгу і прайсьці яшчэ адзін курс хіміятэрапіі, які б цалкам забіў ягоны імунітэт. У гэты пэрыяд Генадзю нельга было выходзіць з дому, бо ён быў вельмі ўразьлівы на якія-кольвек вірусы. Перасадку яму рабілі летась у кастрычніку. Свабода гаварыла зь ім перад апэрацыяй.

Генры прызнаецца, што перасадка касьцявога мозгу была складанай. Надта цяжка было каля тыдня.

«Усе сыстэмы арганізма абясьсіленыя. Бываў стан, калі ня можаш спаць, бо блага. Сілаў не было настолькі, што ні ўстаць, ні паесьці, нават галіцца не было сілаў. Пастаянна ванітавала. Проста ляжаў у паўдрымотным стане. Я вельмі стараўся есьці, бо гэта было надзвычай важна. Калі паціху пачаў актывізавацца касьцявы мозг, стаў адчуваць, быццам унутры зноў аганёк загараецца», — расказвае ён.

Генадзь Буракоўскі у шпіталі

У першы час пасьля перасадкі Генры моцна дапамог ягоны сябар Аляксей, які спэцыяльна на некалькі месяцаў пераехаў да яго зь Вільні.

«Ён займаўся гатаваньнем, прыбіраньнем, сачыў і нагадваў мне правілы — што бясьпечна, а што не», — дзеліцца суразмоўца.

Чыстае сканаваньне

Пасьля перасадкі касьцявога мозгу прайшло амаль пяць месяцаў. Генадзь вяртаецца да «звычайнага жыцьця».

«Мой стан кажа, што касьцявы мозг прыжыўся добра, і агулам мы дасягнулі ўсіх нашых задачаў на перасадку. У лютым было апошняе сканаваньне, і на ім няма ніякіх сьлядоў хваробы. Паказьнікі крыві яшчэ прасядаюць, але на гэта, хутчэй за ўсё, уплывае падтрымальная таргетная хіміятэрапія», — расказвае Генадзь.

Ад прэпарату, які хлопцу будуць кáпаць да кастрычніка, ён яшчэ часам пачуваецца ня вельмі добра.

«Бываюць дні пасьля кропельніцы, калі я вельмі расьсеяны і нібыта прыхварэўшы. Ёсьць яшчэ адзін пабочны эфэкт — баляць рукі і нямеюць кончыкі пальцаў, бо гэтая тэрапія крыху шкодзіць нэрвы. Аднак з хіміятэрапіяй значна ніжэйшая рызыка рэцыдыву. Адна доза ў тры тыдні, пару дзён слабасьці і расьсьеянасьці, але потым жывеш амаль звычайным жыцьцём», — тлумачыць Генадзь.

Генадзь Буракоўскі

Далей Генадзя чакаюць яшчэ сканаваньні цела, каб праверыць, што не вярнулася пухліна. Калі ўсё будзе добра праз год пасьля перасадкі касьцявога мозгу, то бок сёлета ў кастрычніку, хлопца прызнаюць вылекаваным. Але лекары далей будуць яго назіраць.

«Зь лімфомай так, што чым даўжэй няма рэцыдыву, тым ніжэйшы шанец, што ён здарыцца. Празь пяць гадоў рызыка не вышэйшая, чым у звычайнага здаровага чалавека. Яшчэ, бывае, трывожуся з прычыны патэнцыйнага рэцыдыву — зажывае костка грудной клеткі, якую зламала пухліна, там часам нешта пабольвае, ад гэтага мне здаецца, што яна зноў расьце. Але пасьля сканаваньня ўсё праходзіць», — прызнаецца Генадзь.

Праца, музыка і ровар

Генадзь ужо вярнуўся да працы ў таксоўцы.

«Лекары дазволілі мне паціхеньку вяртацца ў працу. Аналізы ўжо стабільныя, хоць і ня вельмі высокія паказьнікі яшчэ. Але я зрабіў прышчэпкі, паставіў спэцыяльны ахоўны экран у машыну — і выяжджаю ў горад. Агулам прыемна. Хаця першым часам было цяжкавата, бо адвык доўга сядзець у аўтамабілі», — расказвае хлопец.

Генадзь Буракоўскі пасьля апэрацыі

У лютым Генадзь яшчэ і дапамагаў з тэхнічнай часткай у адным тэатральным праекце. «Даволі насычаны люты атрымаўся», падсумоўвае ён. У ягоных плянах усё яшчэ больш адпачываць і займацца музыкай. Пасьля таго, як ачуняе, ён абяцаў зладзіць канцэрт для людзей, якія падтрымалі яго, у тым ліку грашыма, у часе лекаваньня.

«Вельмі хачу ўлетку выступаць! Абавязкова хачу зрабіць канцэрт з сваімі песьнямі ўва ўтульным месцы. Думаю зрабіць і стрым з гэтага канцэрту і абавязкова падзялюся пра гэта на ўсіх пляцоўках, дзе ладзіў збор», — расказвае музыка.

Ён мяркуе, што тры-чатыры дні працы ў таксі хопіць, каб сябе ўтрымліваць, а рэшту часу хацеў бы прысьвячаць творчасьці.

«Яшчэ вельмі хачу купіць ровар, якраз надвор’е дазваляе, дадаваць спорту. Але пакуль ад гэтай вясны і лета ў мяне ёсьць дакладнае чаканьне, што я не хачу нікуды ні за чым бегчы, проста запаволіцца, шпацыраваць, чытаць, слухаць, нешта сьпяваць», — дзеліцца Генры сваімі плянамі.