Беларуская праваабарончая ініцыятыва Dissidentby падпісала пагадненьне аб супрацы з павятовым цэнтрам занятасьці ў Познані. Прадстаўніца ініцыятывы Марына Касінерава расказала «Польскаму радыё» пра тое, што прадугледжвае супраца і чым яна карысная для беларускіх эмігрантаў.
«Наша арганізацыя фізычна месьціцца ў Познані, тут маем юрыдычны адрас, таму спрабуем карыстацца рознымі магчымасьцямі, якія могуць адкрывацца для рэпрэсаваных беларусаў. У прыватнасьці, шукаем магчымасьці, каб і мясцовая ўлада паспрыяла гэтаму. Спрабуем наведваць розныя дзяржаўныя ўстановы і цікавімся, чым бы яны маглі дапамагчы ці паспрыяць у нашай дзейнасьці.
Так мы наведаліся ў павятовы цэнтар працы, дзе становяцца на ўлік беспрацоўныя. Туды на ўлік можна стаць і самастойна, але з досьведу ведаю, што гэта ня вельмі добра працуе. Адпаведна, мы спрабуем у гэта ўключыцца, каб больш адказна тыя ж супрацоўнікі маглі ставіцца да людзей, якія да іх прыходзяць».
Касінерава адзначыла, што яны размаўлялі з дырэктарам гэтай арганізацыі і падпісалі пагадненьне. У арганізацыі паабяцалі для беларусаў асобна праводзіць навучаньне, ладзіць патрэбныя ім мерапрыемствы, кансультаваць.
«І ў нас ужо была такая сустрэча: мы сабралі былых палітзьняволеных, якім супрацоўнікі арганізацыі расказалі агульную інфармацыю пра іх магчымасьці, а таксама адказалі на канкрэтныя пытаньні. Многія адразу пайшлі станавіцца на ўлік, бо даведаліся, якія магчымасьці для іх адкрываюцца».
Мясцовыя ўлады таксама паабяцалі, што калі нехта зь беларусаў будзе зьвяртацца да іх праз Dissidentby, то яны будуць імкнуцца працаваць з такімі людзьмі пэрсанальна.
На пытаньне, а што канкрэтна яны маюць на ўвазе, калі гавораць, што будуць дапамагаць пэрсанальна, прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы адказала:
«Там ёсьць шмат розных варыянтаў, але трэба многае ведаць канкрэтна. Туды можна прыйсьці і стаць на ўлік як беспрацоўны — і адразу чалавеку ідзе дзяржаўная страхоўка. У выпадку, калі спатрэбіцца зьвярнуцца па мэдычную дапамогу, то дзякуючы гэтай страхоўцы яна будзе бясплатнай. І гэта ва ўмовах эміграцыі бывае вельмі важна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна»: за студзень у Беларусі стала на 51 палітвязьня болей, вядомыя новыя факты катаваньняў і ўціску за кратаміТаксама беларусам расказалі, што яшчэ летась кожны цэнтар працаўладкаваньня мог даць накіраваньне, паводле якогачалавека былі абавязаныя ўзяць на працу. Гэты закон зьмяніўся, і падобнае накіраваньне цяпер дзейнічае толькі як рэкамэндацыйнае. Тым ня менш, калі чалавек падпісвае дамову аб працы, то з гэтай дамовай можа зьвярнуцца да адмыслоўцаў цэнтру, каб яны кваліфікавана праверылі яе, патлумачылі незразумелыя пункты.
«Яны падкажуць, як бараніць сябе на працоўным рынку», — заявіла Марына Касінерава.
Зарэгістраваўшыся як беспрацоўны, у цэнтры, акрамя мэдычнай страхоўкі, можна атрымаць і сацыяльныя выплаты.
«У межах пэрсанальнай кансультацыі чалавек можа атрымаць парады ў тым працоўным кірунку, у якім ён хоча працаваць. Напрыклад, калі ён мэдык і праз нас зьвернецца ў цэнтар, яго канкрэтна пракансультуюць і падкажуць, які шлях ў ягоным выпадку можа быць найбольш правільны, каб ён мог ізноў уключыцца ў тую працу, якой шукае. Да таго ж яны могуць аплаціць дадатковыя курсы».
У цэнтры расказалі і пра дапамогу сем’ям, якую могуць аказваць. Мясцовыя органы ўлады, калі да іх зьвярнуцца з заявай, могуць даць фінансавую дапамогу ў аплаце камунальных паслуг або набыцьці прадуктовых набораў. Для гэтага існуюць дзяржаўныя праграмы.
На думку Касінеравай, вельмі многім патрэбная такая дапамога.
«Прынамсі, нядаўна на сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады мы зьбіралі ня вельмі вялікую групу, запрашалі пераважна былых палітзьняволеных, бо мы зь імі працуем. Але наш досьвед могуць пераймаць і іншыя групы людзей».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыцьцё бяз пашпарта. Які статус маюць былыя палітвязьні, якіх вывезьлі за мяжу без дакумэнтаў