Інстытут быў заснаваны ў 1993 годзе дэпутатам Менскага гарсавета, старшынём шматлікіх аб’яднаньняў прадпрымальнікаў Уладзімерам Карагіным, які памёр у 2020 годзе.
Закрыццё ІПП пракамэнтавала Міністэрства адукацыі Беларусі:
«Рашэньне аб завяршэньні працы прыватнай ВНУ было прынята заснавальнікам два гады таму. На працягу гэтага часу ў інстытуце быў рэалізаваны плян паэтапнага завяршэньня дзейнасьці: прыём новых абітурыентаў не зьдзяйсьняўся з 2024 года, пры гэтым забясьпечвалася завяршэньне навучаньня і выпуск студэнтаў, ужо залічаных у ВНУ», паведамляе агенцтва БелТА.
Уладзімер Карагін, які стварыў шмат бізнэс-структур у Беларусі, лічыў ІПП адным з самых важных сваіх дасягненьняў, бо краіне моцна не хапала «парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва».
«Будучыня беларускага бізнэсу — гэта нарошчваньне асабістага патэнцыяла ўдзельнікаў гэтага працэсу. Наша задача — чым больш будзе нарошчвацца сярэдні слой, тым наступным пакаленьням будзе лягчэй працаваць. Дэмакратыя — гэта сярэдні слой, а яго фармуе малы і сярэдні бізнэс», — заяўляў Карагін у адным з інтэрвію.
Інстытут парлямэнтарызму і прадпрымальніцтва адкрыўся ў 1993 годзе. Прыватная ВНУ рыхтуе адмыслоўцаў у галінах эканомікі, кіраваньня і паліталёгіі.
У лютым 2021-га ІПП прайшоў дзяржаўную акрэдытацыю. Сэртыфікат дзейнічаў да 9 сакавіка 2026 году.
Раней стала вядома пра закрыцьцё яшчэ дзьвюх прыватных ВНУ Беларусі: спачатку пра ліквідацыю паведаміў Унівэрсытэт права і сацыяльна-інфармацыйных тэхналёгій, а затым — Інстытут прадпрымальніцкай дзейнасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інтэрнаты пры манастырах, яшчэ менш прыватных установаў. Што чакае школьнікаў і студэнтаў пасьля зьменаў у Кодэксе «Аб адукацыі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску ліквідуюць яшчэ адну прыватную ВНУ, яна дзенічала з 1992 году ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Асабліва ўдзячная за дзьве рэчы». Памяці Ўладзімера Карагіна