На долю Беларусі прыпадае 0,9% усясьветнага экспарту ўзбраеньня, — SIPRI

Зьнішчальнікі F-16, пастаўленыя Ўкраіне, архіўны здымак

Стакгольмскі міжнародны інстытут дасьледаваньня праблемаў міру (SIPRI) апублікаваў штогадовае спавешчаньне аб міжнародных пастаўках узбраеньня, падагульніўшы падзеі ў гэтай галіне з 2021 году.

Галоўным экспартэрам зброі ў сьвеце застаюцца ЗША, іх доля за 2021–2025 гг. вырасла на 27% у параўнаньні з папярэднім разгляданым пэрыядам 2016–2020 гг. і цяпер складае ўжо 42%, адзначана ў дакумэнце.

Ніхто й блізка не спаборнічае з амэрыканцамі — Францыя, якая займае 2-е месца ў рэйтынгу паставак, мае 9,8% рынку. Раней канкураваць магла Расея, але пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне, дзе зброя патрэбная ёй самой, і санкцыяў у сувязі з вайной, доля Расеі ўпала адразу на 64%, і цяпер гэта 6,8% рынку і трэцяе месца.

Ажно 48% вырабленай зброі расейцы пастаўляюць Індыі, а Кітай і Беларусь маюць па 13% паставак у гэтую краіну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнік у 2,5 тоны і супрацькульная камізэлька ад Беларусі, цацачныя Т-90МС і «Санцапёк» з Расеі. Што паказалі на MILEX-2025

У сьпісе 40 найбуйнейшых атрымальнікаў зброі на першым месцы Ўкраіна. 41% узбраеньня дзяржава, якая вядзе з Расеяй абарончую вайну, атрымлівае ад ЗША. Два іншыя найбуйнейшыя пастаўнікі ва Ўкраіну — Нямеччына (14%) і Польшча (9,4%).

За ўкраінцамі ў сьпісе імпарту зброі ідуць Індыя і Саудаўская Арабія.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Артылерыя, танкі, авіяцыя: хто перамагае ў гонцы вайсковых тэхналёгіяў — Расея ці NATO?

Беларусь у сьпісе найбуйнейшых атрымальнікаў зброі на 32-м месцы, у параўнаньні з папярэднімі пяцьцю гадамі краіна пачала закупляць зброі на 73% больш. Амаль уся зброя ў Беларусь пастаўляецца з Расеі, толькі 0,1% прыпадае на долю Ірану, а на Кітай менш за 0,05%.

Беларусь за апошнія гады атрымлівала ад Расеі зьнішчальнікі Су-30СМ2, гелікоптэры Мі-35М, бронетранспартэры БТР-82А, зэнітныя ракетныя комплексы.

Апошнім часам Лукашэнка заяўляе пра наяўнасьць у Беларусі расейскай тактычнай ядзернай зброі і ракетных установак «Орешник», але дакладнай інфармацыі зь іншых крыніц пра гэта няма, а заходнія дыпляматы і ўкраінскі бок заяўляюць, што гэта блеф Менску і Масквы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Магчымую базу «Арэшніку» пад Крычавам узмоцнена ахоўваюць комплексамі супрацьпаветранай абароны. Спадарожнікавыя здымкі

Найбольш павялічыла закупы зброі Бэльгія, якая за пяць гадоў пачала закупляць для свайго войска на 1141% больш зброі, чым дасюль.

Беларусь згадваецца і ў разьдзеле паставак зброі ў Афрыку. Зазначаецца, што Ўзброеныя сілы і Сілы хуткай падтрымкі (СХП) Судану атрымалі асноўныя віды ўзбраеньня з 2021 па 2025 гг. Сярод паставак СХП былі чатыры артылерыйскія адзінкі і прынамсі адна сыстэма супрацьпаветранай абароны ад невядомых пастаўнікоў. Сярод паставак Судану былі баявыя бесьпілётныя паветраныя апараты, браняваныя машыны і транспартныя самалёты ад прынамсі пяці вядомых пастаўнікоў — Беларусі, Ірану, Кіргізстану, Турэччыны і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — і адзін баявы самалёт ад невядомага пастаўніка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спыніліся пастаўкі выбухоўкі, праблемы для «беларускага аўтамата». Як уплывае на беларускую вайсковую вытворчасьць вайна на Блізкім Усходзе