Паводле папярэдняй інфармацыі, выбух адбыўся каля ўваходу ў консульскі аддзел амбасады ў заходняй частцы гораду. У выніку здарэньня будынак атрымаў нязначныя пашкоджаньні. Службы бясьпекі не выявілі паблізу іншых выбуховых прыладаў.
Паліцыя вядзе расьсьледаваньне і высвятляе абставіны інцыдэнту, а таксама магчымыя матывы. У апэрацыі задзейнічаныя кіналягічныя падразьдзяленьні, дроны і паліцэйскі верталёт. Пакуль невядома, што стала прычынай выбуху і хто можа стаяць за ім.
У апошнія дні шэраг заходніх краін узмацнілі меры бясьпекі вакол сваіх амбасадаў і консульстваў на фоне абвастрэньня адносінаў паміж Злучанымі Штатамі і Іранам, а таксама эскаляцыі ўзброеных дзеяньняў у рэгіёне. У такіх умовах дыпляматычныя прадстаўніцтвы часта становяцца магчымымі мэтамі дэманстрацый сілы, актаў сабатажу або спробаў запалохваньня.
Нарвэскія службы падкрэсьліваюць, што пакуль занадта рана зьвязваць выбух у Осла з нейкімі канкрэтнымі палітычнымі матывамі або арганізацыямі.
З пачатку апошняга абвастрэньня на Блізкім Усходзе адбыўся шэраг інцыдэнтаў, накіраваных супраць амбасадаў ЗША. Раней разьюшаны натоўп прарваўся на тэрыторыю амбасады ЗША ў Багдадзе, пасьля чаго амэрыканская дыпляматычная місія часова прыпыніла сваю дзейнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп аб’явіў аб стварэньні ваеннай кааліцыі супраць наркакартэляў