Трамп аб’явіў аб стварэньні ваеннай кааліцыі супраць наркакартэляў

Дональд Трамп

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абʼявіў аб стварэньні новай ваеннай кааліцыі для «выкараненьня картэляў» у Заходнім паўшарʼі. Паводле яго слоў, да альянсу ўжо далучыліся 17 краін.

Заява прагучала падчас саміту «Шчыт Амэрык», які Трамп 7 сакавіка праводзіць у Маямі зь лідэрамі шэрагу краін Лацінскай Амэрыкі — Аргентыны, Парагвая, Балівіі, Сальвадора, Эквадора, Гандураса, Пэру і іншых дзяржаў. У сустрэчы ўдзельнічаюць пераважна праамэрыканскія ўрады рэгіёна.

Прадстаўнікі Пэнтагона заявілі аб гатоўнасьці ЗША ісьці ў наступ супраць лацінаамэрыканскіх наркакартэляў нават без падтрымкі партнэраў. Пашырэньне ваеннай прысутнасьці і спэцаперацый ЗША ў рэгіёне разглядаецца як частка новай архітэктуры ўплыву Вашынгтона.

Акрамя таго, Трамп заявіў, што Куба хоча заключыць пагадненьне з ЗША і ўжо вядзе перамовы зь ім і дзяржсакратаром ЗША Марка Рубіё.

У канцы студзеня прэзыдэнт ЗША падпісаў указ, які дазваляе ўводзіць пошліны на імпарт з краін, якія наўпрост ці ўскосна пастаўляюць нафту на Кубу. У Белым доме тады заявілі, што кубінскі рэжым падтрымлівае саюзы з многімі варожымі краінамі і зламыснымі субʼектамі, разьмяшчаючы на сваёй тэрыторыі іх ваенныя і разьведвальныя магутнасьці. У якасьці прыкладу амэрыканскі бок згадаў, што на Кубе знаходзіцца найбуйнейшы ў Расеі замежны цэнтар радыёэлектроннай разьведкі, які займаецца «крадзяжом сакрэтнай інфармацыі», якая прадстаўляе пагрозу нацбясьпекі ЗША.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт ААЭ абвясьціў, што яго краіна знаходзіцца ў стане вайны. Іран папрасіў прабачэньня ў суседзяў за атакі