Прэзыдэнт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў шэйх Мухамэд бэн Заід аль-Нахаян афіцыйна заявіў, што яго краіна знаходзіцца ў стане вайны. Гэта яго першы публічны камэнтар пасьля таго, як Іран нанёс ракетны ўдар у адказ на супольную ізраільска-амэрыканскую атаку 28 лютага.
«У ААЭ тоўстая скура і горкая плоць — мы ня лёгкая здабыча», — працытавала агенцтва DPAМухамэда бэн Заід аль-Нахаяна. 7 сакавіка ён наведаў параненых у выніку іранскай атакі.
«Мы выканаем свой абавязак перад нашай краінай, нашым народам і нашымі жыхарамі, якія таксама зьяўляюцца часткай нашай сям’і», — дадаў ён.
7 сакавіка іранскі дрон атакаваў аэрапорт Дубая, яго працу часова спынялі. Бесьпілётнік выбухнуў паблізу тэрміналаў, пасьля чаго на аэрапортам падняўся чорны дым. Неўзабаве пасьля гэтага дзейнасьць аэрапорту аднавілі.
Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян у сваім відэазвароце 7 сакавіка заявіў, што часовая кіроўная рада краіны вырашыла спыніць атакі на суседнія дзяржавы, калі зь іх тэрыторыі ня будуць наносіць удары.
«Прашу прабачэньня ў суседніх краін. Учора часовая кіроўная рада ўхваліла, што больш ня будзе нападаў на суседнія краіны і запускаў ракет, калі толькі ня будзе атакі на Іран з іх тэрыторыі», — працытавала прэзыдэнта Ірану агенцтва AFP.
У той жа час ён падкрэсьліў, што Іран ня мае намераў уварвацца ў суседнія краіны, але адкінуў патрабаваньне ЗША аб капітуляцыі.
«Безумоўная капітуляцыя Ірану — гэта мара і фантазія, якую ворагі павінны забраць з сабой у магілу», — сказаў Масуд Пэзэшкіян і заклікаў краіны Пэрсыдзкай затокі «не станавіцца марыянэткамі імпэрыялізму». Ён заявіў, што Тэгеран дзейнічае ў межах міжнароднага права.