«Яны не чапалі маю жонку, бо ў гэты момант яна адчыніла дзьверы, і яны проста адвялі яе ўбок і зайшлі ў кватэру. Мне сказалі павярнуцца да іх сьпінай, бо спачатку я ўбачыў шчыт. Пасьля — пісталет, накіраваны на мяне, і часу на абмеркаваньне не было», — расказаў ён у праграме «Тэма дня» на тэлеканале LRT.
Паводле яго, сілавікі ў групе з шасьці ці сямі чалавек зьявіліся ў дом ягонай цёшчы менш, чым праз 24 гадзіны ад моманту ягонага прыезду ў Беларусь.
«У дом маёй цёшчы гучна, вельмі люта пастукалі. Ніхто не адказаў на пытаньне „Хто там?“. Я адразу зразумеў, што яны, напэўна, прыйшлі сюды „па маю душу“. Як толькі я адчыніў [дзьверы], мяне паклалі тварам уніз на зямлю, надзелі кайданкі на рукі, хутка вывелі на вуліцу і паклалі тварам уніз у аўтобус», — згадаў Вячаслаў.
Жонка Вячаслава Папшо мае беларускае грамадзянства, але ўжо больш за 10 гадоў жыве ў Літве. Яны выхоўваюць дачку. Як ён адзначыў у інтэрвію, ён пагадзіўся на супрацу зь сілавікамі і відэазапісы пры ўмове, што ягонай жонцы і дачцэ дазволяць вярнуцца ў Літву.
Вячаслаў пасьля 2020 году стварыў Youtube-канал «Жыве», на якім крытыкаваў Аляксандра Лукашэнку і выказваў падтрымку беларусам, якія выйшлі на пратэсты. У ліпені 2024 году ён нечакана зьнік, а 23 жніўня 2024 году яго Youtube-канал уключылі ў сьпіс экстрэмісцкіх фарміраваньняў.
Вячаслаў Папшо адзначыў, што ў Беларусь ён перастаў езьдзіць пасьля 2020 году, а ў ліпені 2024 году трэба было паехаць «у справах сям’і» — там жывуць маці жонкі, бацька і сябры.
Паводле яго, спачатку ён знаходзіўся ў горадзенскім СІЗА, а потым яго перавялі ў мясцовую турму.
«Мяне абвінавацілі ў тым, што я дрэнны чалавек, што я кепска выказваўся пра рэжым Лукашэнкі. А галоўная другая думка была ў тым, што я, напэўна, агент літоўскай спэцслужбы, і яны думалі, што я тут за кімсьці шпіёню», — расказаў ён.
Вячаслаў дадаў, што ня меў ніякіх сувязяў зь літоўскімі спэцслужбамі, але сілавікі ў Беларусі правяралі ягоныя адказы на дэтэктары хлусьні.
Паводле яго, увесь час, калі праводзілі допыты, ажыцьцяўляўся псыхалягічны ціск. «Галоўная ідэя з самага пачатку, калі яны [сілавікі] толькі прыехалі, была такая: я сяду, потым сядзе цешча, а дзіця адправяць у дзіцячы дом», — сказаў ён.
Вячаслаў паведаміў, што перадаў сілавікам доступ да сваіх каналаў у YouTube і Telegram. Фізычнага гвалту да яго не чынілі, апроч таго, што доўгі час яго трымалі ў моцна сьцягнутых кайданах. «Пасьля гэтых кайданоў я амаль тыдзень не адчуваў пальцаў», — дадаў ён.
Вячаслаў таксама расказаў, як яго прымушалі даваць інтэрвію і ўдзельнічаць у відэазапісах, у якіх яму казалі, што ён павінен казаць.
«Ня ў першы ж дзень арышту, а можа, праз два дні, калі я не памыляюся, яны ініцыявалі інтэрвію з журналісткай, мяне здымалі недзе ў парку, што нібыта ўсё добра і свабодна перамяшчаюся, але ў той час уваход у гэты парк быў заблякаваны з усіх бакоў, а за журналісткай стаяў узброены чалавек, які казаў, што я павінен казаць пра тое, як там у Беларусі ўсё прыгожа і цудоўна», — сказаў Вячаслаў.
Паводле яго, сярод тэзісаў, якія ён павінен быў агучваць, былі адсутнасьць у Літве дэмакратыі і свабоды слова ў адрозьненьні ад Беларусі.
«Такіх здымкаў было няшмат, што мяне таксама вельмі зьдзівіла. Спачатку я думаў, што гэта будзе амаль як сталая праца, што я павінен гэта рабіць, хачу я гэтага ці не. Напэўна, здымкаў было максымум 7», — расказаў ён.
Вячаслаў паведаміў, што ня ведае, ці адбыўся суд паводле ягонай справы.
«Калі мяне везьлі ў Літву, я думаў, што мяне вязуць, каб забіць, бо гэта было як у нейкім баевіку: у кайданах, з завязанымі вачыма, мы доўга стаім недзе ў лесе, ніхто вакол нас не размаўляе, а потым мяне вядуць у іншае месца. Зьнімаюць кайданкі, зьнімаюць павязку, і ты бачыш аўтобус, у які цябе вядуць. Там людзі таксама не размаўляюць адзін з адным, бо ўсім строга загадалі маўчаць. І я зразумеў, што вяртаюся дадому, толькі калі ўбачыў літоўскія сьцягі на мяжы. Гэта быў мой другі... [дзень нараджэньня]», — згадаў ён.
Вячаслаў дадаў, што ўвесь час свайго зьняволеньня ён вінаваціў сябе за тую паездку ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Грамадзянка Латвіі расказала пра 18 месяцаў у СІЗА КДБ, у тым ліку ў «мяккім пакоі»13 сьнежня 2025 году пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Большасьць зь іх вывезьлі ва Ўкраіну.