Беларусам, якія захочуць выехаць з Ірану праз Азэрбайджан, патрэбна атрымаць індывідуальны дазвол

Наступствы ізраільска-амэрыканскага ўдару па Тэгеране 7 саакавіка 2026 году. Ілюстрацыйнае фота

Амбасада Беларусі ў Іране рэкамэндавала беларускім грамадзянам праз закрыцьцё паветранай прасторы Ірану выкарыстоўваць наземныя шляхі для эвакуацыі з зоны канфлікту.

«МЗС Рэспублікі Беларусі рэкамэндуе беларускім грамадзянам, якія знаходзяцца на тэрыторыі Ірану, захоўваць пільнасьць, не панікаваць, праяўляць максымальную асьцярожнасьць, выконваць захады асабістай бясьпекі. Не набліжацца да вайсковых і дзяржаўных аб’ектаў (не рабіць фота і відэа), пазьбягаць натоўпаў людзей, няўхільна выконваць указаньні пасольства Беларусі ў Іране і мясцовых уладаў. Пры неабходнасьці трэба накіроўвацца ў сховішчы або пры іх адсутнасьці — на ніжэйшыя ўзроўні падземных паркінгаў», — працытавала дзяржаўнае агенцтва БелТА адпаведныя рэкамэндацыі.

Апроч таго, дыпляматы дадалі, што для эвакуацыі варта выкарыстоўваць наземныя маршруты «для самастойных выездаў з Ірану ў Армэнію ці Азэрбайджан», паколькі паветраная прастора над краінай закрытая.

Цяпер, паводле іх, аптымальным месцам зьяўляецца КПП «Нурдуз-Агарак» па маршруце ў кірунку Армэніі. Для выезду праз Азэрбайджан патрэбна папярэдне атрымаць індывідуальны дазвол. Для таго, каб праехаць праз азэрбайджанскі пункт «Астара» трэба загадзя накіраваць у беларускую амбасаду запыт з указаньнем прозьвішча, нумара пашпарту і тэрміну ягонага дзеяньня, адзнакі аб уезьдзе ў Іран, кантактных тэлефона[ і з каляровай копіяй пашпарту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спыніліся пастаўкі выбухоўкі, праблемы для «беларускага аўтамата». Як уплывае на беларускую вайсковую вытворчасьць вайна на Блізкім Усходзе


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.