Астраўная дзяржава Паўночнай Атлянтыкі падавала заяўку на сяброўствам ў Эўразьвязе ў 2009 годзе, праз год пасьля вялікага краху свайго фінансавага сэктару.
Перамовы пачаліся ў 2010 годзе, праз тры гады, пасьля парлямэнцкіх выбараў, яны прыпыніліся, а ў 2015 годзе тагачасны ўрад абвясьціў аб спыненьні перамоваў.
Міністарка замежных спраў Ісьляндыі Торгердур Катрын Гунарсдоцір заявіла журналістам, што падасьць прапанову парлямэнту ў пачатку наступнага тыдня. У пятніцу заставалася незразумелым, ці мае ўрад большасьць галасоў для сваёй рэзалюцыі, піша AFP.
«Мы маем намер задаць народу наступнае пытаньне: „Ці варта працягваць перамовы аб далучэньні Ісьляндыі да Эўрапейскага зьвязу?“ І тады народ можа адказаць двума варыянтамі: „Так, перамовы павінны працягвацца“ або „Не, яны не павінны працягвацца“», — сказала яна.
Апытаньне грамадзкай думкі, апублікаванае ў пачатку лютага грамадзкім вяшчальнікам RUV, паказала, што ісьляндзкая грамадзкасьць падзялілася пароўну наконт пытаньня ўступленьня ў Эўразьвяз, які ў цяперашні час налічвае 27 краінаў-удзельніц.
Тры партыі кіроўчай левацэнтрысцкай кааліцыі ва ўрадавай плятформе дамовіліся правесьці галасаваньне ў гэтым пытаньні да канца 2027 году.
Прэм’ер-міністарка Крыструн Фростадоцір заявіла, што Ісьляндыя знаходзіцца ў моцнай пазыцыі, таму зараз самы час паставіць гэтае пытаньне перад ісьляндзкім народам.
«Ісьляндыя моцная эканамічна, а таксама з пункту гледжаньня нацыянальнай самаацэнкі, і таму здольная прыняць гэтае рашэньне», — сказала яна.
Калі краіна адновіць перамовы аб сяброўстве ў ЭЗ, па завяршэньні перамоваў будзе праведзены яшчэ адзін рэфэрэндум, на якім ісьляндцаў спытаюць, ці хочуць яны далучыцца на ўжо ўзгодненых умовах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Восем эўрапейскіх краін далучыліся да санкцыяў Эўразьвязу супраць БеларусіПаводле зьвестак ураду, на той момант у 2013 годзе, калі перамовы аб далучэньні Ісьляндыі прыпыніліся, Рэйк’явік і Брусэль пасьпелі абмеркаваць 27 з 33 пунктаў пляну, а перамову па 11 нават завяршылі.
Сярод неадкрытых разьдзелаў быў разьдзел рыбалоўства, які, як чакаецца, будзе самым складаным, бо Ісьляндыя мае намер захаваць кантроль над сваімі рэсурсамі.
Міністарка замежных спраў заявіла, што калі перамовы адновяцца, яна хоча адразу перайсьці да складаных разьдзелаў.
«Я ніколі не падпішу пагадненьня, якое прадугледжвае перадачу кантролю над ісьляндзкімі рэсурсамі, такімі як нашы рыбныя рэсурсы. Я хачу, каб гэта было абсалютна зразумела», — сказала яна.
Паводле яе, мэты Ісьляндыі ў дачыненьні сяброўства ў Эўразьвязе ўключаюць забесьпячэньне кантролю над сваімі рэсурсамі, умацаваньне абароны і забесьпячэньне стабільнасьці, эканамічнай і іншых формаў бясьпекі.
Фростадоцір сказала, што сьвет змяніўся з таго часу, як Ісьляндыя апошні раз удзельнічала ў такіх перамовах. Краіна будзе «ўступаць у перамовы з іншай пазыцыі», сказала яна.
«Акцэнт на Паўночнай Атлянтыцы і Арктыцы, на супрацы паміж гэтымі краінамі зьмяніўся», — сказала яна.
Імкненьне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа захапіць Грэнляндыю выклікала занепакоенасьць у суседняй Ісьляндыі. Яе абарона ў цяперашні час забясьпечваецца Злучанымі Штатамі і NATO, бо ў краіны няма ўласнага войска.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замарожаныя амбіцыі. Даўняя барацьба Амэрыкі за Грэнляндыю