Моладзевыя зборныя Беларусі дапусьцілі да міжнародных спаборніцтваў у валейболе

Валейбольная сустрэча з удзелам беларусак, архіўны здымак

Зь беларусаў і расейцаў здымаюць усё больш абмежаваньняў, накладзеных на іх у спорце зь лютага 2022 году. Цяпер прыйшла чарга валейболу.

3 сакавіка адбылося онлайн-паседжаньне Адміністрацыйнай рады Эўрапейскай канфэдэрацыі валейболу (CEV), у час якога было пацьверджана, што спартоўцы-юніёры зь беларускімі і расейскімі пашпартамі змогуць браць удзел у міжнародных моладзевых спаборніцтвах пад эгідай CEV.

Разгляданае рашэньне зьвязанае з пастановай Міжнароднай фэдэрацыі валейболу (FIVB), прынятай у сьнежні 2025 году ў адпаведнасьці з парадамі Міжнароднага алімпійскага камітэту (МАК), згодна зь якой спартоўцы юніёрскага веку не павінны абмяжоўвацца ва ўдзеле ў міжнародных моладзевых спаборніцтвах.

Адміністрацыйная рада CEV пацьвердзіла, што рашэньне, якое ўступіла ў моц з 1 студзеня 2026 года, распаўсюджваецца на моладзевыя турніры Эўрапейскай канфэдэрацыі валейболу. Такім чынам, моладзевыя зборныя Рэспублікі Беларусь атрымалі магчымасьць зноў выступаць на міжнароднай арэне.

Пры гэтым апэрацыйныя аспэкты і практычная рэалізацыя ўдзелу каманд будуць дадаткова распрацаваныя і прадстаўленыя на разгляд Адміністрацыйнай рады CEV.

Рашэньне стала важным крокам для разьвіцьця моладзевага валейболу, адзначылі ў Беларускай фэдэрацыі валейболу. Яно, на думку чыноўнікаў БФВ, адкрывае новыя магчымасьці для беларускіх спартоўцаў атрымліваць міжнародны спаборніцкі досьвед і працягваць спартовае разьвіцьцё на эўрапейскім узроўні.

Разам зь беларусамі на міжнародны ровень вяртаюцца моладзевыя каманды суседняй Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Італіі пачынаецца Паралімпіяда, на якой упершыню з 2022 году дазволяць дзяржаўныя сьцягі Расеі і Беларусі. Гэта ўжо выклікала скандалы


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дарʼя Далідовіч пра дэбют у зборнай ўцекачоў у Кубку сьвету: «Я нават заплакала ў стартавай зоне, бо эмоцыі перапаўнялі»