Як адзначаецца ў паведамленьні ведамства, гэтае рашэньне накіравана на прысьпяшэньне будаўніцтва вежаў сотавай сувязі і больш празрыстыя прынцыпы дзейнасьці ў гэтай галіне.
«Што зьмянілася для апэратараў? Раней для атрыманьня дазволаў на выкарыстаньне радыёчастотаў трэба было дачакацца высновы санітарнай экспэртызы. Цяпер дастаткова падаць пратакол вымярэньняў з станоўчай высновай аб адпаведнасьці санітарным патрабаваньням», — паведамілі ў міністэрстве.
У той жа час там адзначылі, што ўмова падаць выснову аб адпаведнасьці санітарным патрабаваньням не скасаваная, але цяпер «дзьве адміністрацыйныя працэдуры можна праходзіць паралельна».
Паводле міністэрства, гэтыя зьмены дазволяць скараціць на 1,5–2 месяцы тэрмін увядзеньня аб’ектаў сотавай сувязі ў эксплюатацыю «пры поўным выкананьні нормаў бясьпекі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэратары электрасувязі ў Беларусі будуць мець абавязак пытаць абанэнтаў пра якасьць сваіх паслугСёлета ў Беларусі абмежавалі хуткасьць інтэрнэту ў тарыфных плянах зь безьлімітным трафікам. Пры перавышэньні парогу 30 Гб у месяц хуткасьць зьменшыцца да 1 Мбіт/з. Гэта патлумачылі вялікай нагрузкай на сеткі. Абмежаваньні, якія набылі моц 23 лютага, датычацца толькі мабільнага інтэрнэту. Для хатняга яны ня дзейнічаюць — гэта дротавы інтэрнэт.
Пры гэтым зь «перагрузкай сеткі», на якую скардзяцца ўлады Беларусі, ня ўсё так проста. Супольнасьць InformNapalm правяла расьсьледаваньне і высьветліла, што вышкі беларускіх мабільных апэратараў выкарыстоўвалі расейскія вайскоўцы пры атаках на Ўкраіну. 27 лютага міністар абароны Ўкраіны Міхайла Фёдараў заявіў, што Ўкраіна змагла зьнішчыць сучасную сыстэму сувязі, якая дапамагала расейскім дронам залятаць на поўнач Украіны зь беларускага кірунку.
«Нам удалося зьліквідаваць Mesh-сетку, якую выкарыстоўвалі „шахеды“ на поўначы, што пазытыўна паўплывала на абароназдольнасьць Кіева і цэнтральнай часткі Ўкраіны», — працытавала Міхайлу Фёдарава выданьне «Українська правда».
У той жа час ён не ўдакладніў, як гэта ўдалося зрабіць і якім чынам сыстэма працавала.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі пачалі дзейнічаць абмежаваньні мабільнага інтэрнэту