Уладзімер Карызна — аўтар мадыфікаванага тэксту гімну БССР аўтарства Міхася Клімковіча, які Аляксандар Лукашэнка ў 2002 годзе сваім указам зацьвердзіў у якасьці фактычнага дзяржаўнага гімну. Карызна перапрацаваў тэкст Клімковіча, прыбраўшы адтуль спасылкі на Леніна і камуністычную партыю.
У 2024 годзе Лукашэнка прысвоіў Карызну ганаровае званьне «Народны паэт Беларусі». Гэта быў першы выпадак, калі нязьменны кіраўнік Беларусі прысвойвае камусьці такое званьне. Апошнім «Народным паэтам Беларусі» да яго быў Рыгор Барадулін (1992).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гэтыя дні спаўняецца 50 гадоў дзяржаўнаму гімну БССРУладзімер Карызна нарадзіўся ў вёсцы Закружка Менскага раёну. Вучыўся на філялягічным факультэце БДУ, падчас навучаньня наведваў заняткі для самадзейных кампазытараў пры Саюзе кампазытараў БССР.
Пасьля заканчэньня выкладаў беларускую і расейскую мовы і літаратуру ў школе, пасьля працаваў рэдактарам, загадчыкам аддзела беларускай музыкі Рэспубліканскага радыё. З 1980-га па 1981 год быў рэдактарам аддзела навукі і мастацтва літаратурнага часопіса «Полымя», потым старшым рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дашкольнікаў выдавецтва «Юнацтва» (1981-2001), з 2002 году — намесьнікам галоўнага рэдактара часопіса «Крыніца».
Першыя ягоныя вершы былі апублікаваныя ў 1956 годзе ў газэце «Чырвоная змена». Агулам ён выдаў больш за дзясятак зборнікаў паэзіі, а таксама кнігі для дзяцей. Таксама Карызна набыў вядомасьць як паэт-песеньнік: у 1960 року ў выкананьні Дзяржаўнага хору БССР пад кіраўніцтвам Генадзя Цітовіча ўпершыню прагучала ягоная песьня «Беларусь мая сінявокая». Больш за дзьве сотні ягоных вершаў пакладзеныя на музыку беларускімі кампазытарамі.
Раней Карызна атрымаў званьне ляўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусі (1996), ордэн Францішка Скарыны (2002), званьне Заслужаны дзяяч культуры Рэспублікі Беларусі (2008).
Днямі ў сеціве стала вірусным відэа, на якім блогерка зь Беларусі не змагла прачытаць верш па-беларуску з падручніка сваёй дачкі за 2 клясу. Гэта быў якраз верш Уладзімера Карызны «Самая лепшая».
Весьняй зараначкай сьвеціць,
Лашчыць, як звон ручая,
Самая лепшая ў сьвеце
Мама мая.
Сонца парой залатою
Будзіць у росных гаях,
Жаўранкаў просіць спяваць над зямлёю
Мама мая.
3 ёй весялейшыя песьні,
Радасьць мілей удвая.
Самая, самая лепшая ў сьвеце
Мама мая.