Прэзыдэнт Літвы прапанаваў выдаваць мігрантам кароткатэрміновыя дазволы на працу

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа, архіўнае фота

Разглядаецца варыянт знаходжаньня працоўных мігрантаў у Літве тэрмінам да двух гадоў.

Літва прапануе новую сыстэму, якая дазволіць хутчэй і прыярытэтным чынам выдаваць дазволы на часовую працу мігрантам, што дазволіць ім знаходжаньне ў краіне тэрмінам да двух гадоў, паведаміла Літоўская тэлевізія.

«У адміністрацыі прэзыдэнта заявілі, што дазволы будуць „арыентаванымі на бясьпеку“ і прызначаныя для таго, каб перадухіліць пасяленьне работнікаў у краіне назаўсёды. Іншаземцы, якія ўдзельнічаюць у праграме, ня будуць мець права на ўзьяднаньне сям’і або пастаяннае жыхарства», — паведамляе Літоўская тэлевізія.

Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што ініцыятыва мае на мэце знайсьці балянс паміж кантролем іміграцыі й патрэбамі бізнэсу.

«Сутнасьць гэтай сыстэмы палягае ў тым, што замежнікі, у межах устаноўленай квоты, змогуць працаваць толькі на канкрэтнага працадаўцу, ня змогуць зьмяніць працадаўцу ў Літве і павінны будуць пакінуць Літву не менш чым на шэсьць месяцаў пасьля двух гадоў», — сказаў Дзейвідас Матулёніс, галоўны дарадца літоўскага прэзыдэнта ў нацыянальнай бясьпецы.

Наўседа раней сьцьвярджаў, што дэмаграфічныя праблемы Літвы павінны вырашацца шляхам стымуляваньня нараджальнасьці, а ня росту іміграцыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка зь літоўскімі фурамі абышоўся як рэкецір». Што сказаў кіраўнік МУС Літвы ў вялікім інтэрвію Свабодзе
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Офіс Ціханоўскай рыхтуецца да пераезду ў Варшаву. Прычынай назвалі зьніжэньне ўзроўню аховы ў Літве