Летась у Беларусь прыехала каля 48 тысячаў працоўных мігрантаў, зь іх пакістаўнцаў — толькі 1%

Сьцяг Пакістану, архіўнае фота

У 2025 годзе ў Беларусь прыехала больш за 48 тысяч працоўных мігрантаў.

Пра гэта паведамляе партал «Люстэрка» са спасылкай на дадзеныя МУС.

Выданьне адзначае, што колькасьць экспатаў расьце на фоне рэкорднага кадравага дэфіцыту Больш за ўсё работнікаў прыбыло з Туркмэністану, а з Пакістану, адкуль Аляксандр Лукашэнка прапанаваў прыцягнуць да 150 тысяч чалавек, — толькі некалькі сотняў.

У 2025 годзе ў Беларусь прыехалі 48 160 працоўных мігрантаў. Гэта на 14,3 тысячы больш, чым годам раней.

Лідэры па цікавасьці да працы ў Беларусі — грамадзяне Туркмэністану: іх прыехала 23050 чалавек, або 47,9% ад усіх. На другім месцы — расейцы, якіх прыехала працаваць у Беларусі 4677, сьледам ідуць украінцы — 4389 чалавек. Таксама ў пяцёрку ўвайшлі Узбэкістан (3618) і Кітай (3438).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адкуль пераважна едуць у Беларусь працоўныя мігранты

Пасьля іх ідзе даволі экзатычная для Беларусі краіна — Нэпал, адкуль прыехалі працаваць 1038 чалавек.

Часьцей на заробкі прыбываюць мужчыны — іх 38 тысяч. Адзіная з буйных груп мігрантаў, адкуль прыехала больш жанчын, — гэта Ўкраіна (2255 супраць 2134 мужчын).

З Пакістану, чыіх жыхароў актыўна заклікаў у Беларусь Аляксандр Лукашэнка, за ўвесь 2025 год прыбыў 561 працоўны мігрант. Для параўнаньня: за студзень — чэрвень мінулага году прыехала 120 экспатаў з гэтай дзяржавы.

Кваліфікаваныя работнікі прамысловасьці і будаўніцтва склалі самую вялікую групу новых працоўных мігрантаў — больш за 16 тысяч чалавек. 9,1 тысячы — гэта працаўнікі гандлю і сфэры абслугоўваньня, больш за 7,7 тысячы — апэратары, машыністы і іншыя рабочыя, занятыя кіраваньнем, эксплюатацыяй і абслугоўваньнем установак і машын.

«Люстэрка» нагадвае, што ўлады заклапочаныя дэфіцытам кадраў і рэгулярна паказваюць на патрэбу рынку працы ў замежнай працоўнай сіле. У Мінпрацы гэта аргумэнтавалі таксама рэкордна нізкім узроўнем беспрацоўя і тым, што эканоміка кожны год стварае дзясяткі тысяч новых працоўных месцаў.