Міністар абароны Літвы расказаў аб плянах узбраеньня: устаноўкі HIMARS, танкі Leopard, тры эшалёны абароны

HIMARS

Сёлета Літва плянуе вылучыць на абарону фінансаваньне ў памеры 5,38% валавога ўнутранага прадукту.

Як паведамляе агенцтва BNS, сёлета Літва мае атрымаць першую батарэю ракетна-артылерыйскіх сыстэмаў HIMARS і новую батарэю NASAMS, а таксама радары блізкага дзеяньня Giraffe і першыя пасіўныя радары TwinWis, паведаміла ў аўторак Міністэрства абароны.

Міністар абароны Літвы Робертас Каўнас зрабіў на Дзяржаўнай радзе абароны ў аўторак 3 сакавіка справаздачу аб прагрэсе ў разьвіцьці нацыянальнай дывізіі й лініі абароны Балтыі.

«З моманту прыняцьця рашэньня разьвіваць дывізію Міністэрства абароны паскарае ключавыя праекты, накіраваныя на павелічэньне баявой моцы. Закупляюцца танкі Leopard, гаўбіцы Caesar, супрацьтанкавыя сыстэмы Spike і Javelin, вялікая ўвага надаецца і супрацьпаветранай абароне, важнай частцы магутнасьцяў дывізіі», — паведаміў міністар.

Паводле яго, ужо сёлета ў Літву прыбудзе першая батарэя сыстэмы ракетнай артылерыі HIMARS, яшчэ адна батарэя зэнітна-ракетных комплексаў сярэдняй далёкасьці NASAMS, прадугледжаныя сродкі на мабільныя зэнітна-ракетныя комплексы блізкага дзеяньня M-SHORAD.

«Мы таксама будзем інтэнсіўна разьвіваць магчымасьці бесьпілётных паветраных апаратаў, сыстэмаў барацьбы зь бесьпілётнымі паветранымі апаратамі і артылерыйскіх радараў», — сказаў Р. Каўнас.

Сёлета ў сыстэмы барацьбы зь бесьпілётнікамі плянуецца інвэставаць больш за 200 мільёнаў эўра. Увесну чакаецца атрыманьне першых радараў блізкага дзеяньня Giraffe, сёлета ў літоўскае войска павінны паступіць і першыя пасіўныя радары TwinWis. Паводле зьвестак Міністэрства абароны, на закуп узбраеньня і вайсковай тэхнікі ў абаронным бюджэце на 2026 год прадугледжана 2 мільярды эўра.

На паседжаньні таксама паінфармавалі пра хаду рэалізацыі праекту лініі абароны Балтыі. У Літве рыхтуюцца да сыстэмнага разьмяшчэньня перашкодаў у тры эшалёны з узмацненьнем прыродных, інжынэрных і тэхнічных перашкодаў і інтэграцыяй іх у пляны абароны Літвы і NATO.

Да 2030 году плянуецца пашырыць сетку інжынэрных паркаў, падрыхтаваць інфраструктуру для блякаваньня дарог і мастоў, аднавіць балоты і мэліярацыйныя равы, абсталяваць агнявыя пазыцыі, сфармаваць сэрвітуты (права дзяржавы карыстацца прыватнымі зямельнымі надзеламі) у памежнай зоне.

Таксама папаўняюцца запасы мінаў, плянуецца закуп супрацьпяхотных і морскіх мін, сродкаў блякаваньня Клайпедзкага морскага порту, разьвіцьцё магчымасьцяў барацьбы з дронамі для ўзмацненьня абароны мяжы. Сёлета Літва плянуе вылучыць на абарону фінансаваньне ў памеры 5,38% валавога ўнутранага прадукту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве ля мяжы зь Беларусьсю адкрылі вайсковы гарадок Бундэсвэра
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкая брыгада заступіла на службу ў Літве, недалёка ад мяжы зь Беларусьсю