Як піша dpa, Марыя Калесьнікава плянуе выступіць 9 красавіка ў бэрлінскім культурным цэнтры Radialsystem.
43-гадовая артыстка ў аўторак у Бэрліне паведаміла, што будзе граць на флейце і «шмат гаварыць пра свабоду» ў сваім выступе зь песьняй «#freemaria». Людзі раней агітавалі за яе вызваленьне, выкарыстоўваючы гэштэг #freemaria.
Калесьнікава была адной зь лідэрак масавых пратэстаў у Беларусі пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, яе арыштавалі ў верасьні 2020 году. Яна правяла больш за два гады ў адзіночнай камэры без кантакту з роднымі.
Марыя прачытала сотні кніг у зьняволеньні, сказала яна нямецкаму грамадзкаму трансьлятару ARD у студзені. Пад ціскам ЗША ўлады Беларусі вызвалілі Калесьнікаву разам са 120 іншымі зьняволенымі летась у сьнежні. Цяпер яна жыве ў выгнаньні ў Бэрліне. Кажа, што хоча рэалізаваць ідэі для культурнага сэктару ў горадзе, які «будуе масты».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Выпаленае поле» ці «прастора для дыханьня»? Дыскусія Бяляцкага і Калесьнікавай у Chatham HouseМарыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава — былая палітзьняволеная, палітык, музыка, якая стала адным з галоўных сымбаляў мірных пратэстаў 2020 году.
Марыя была кіраўніцай перадвыбарчага штабу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі. Калі яго не зарэгістравалі і затрымалі, яна разам з камандамі Сьвятланы Ціханоўскай і Веранікі Цапкалы аб’ядналася. Калі ў краіне пачаліся масавыя мірныя пратэсты, Марыя засталася ў Беларусі і стала адным з найбольш бачных лідэраў гэтага руху.
У верасьні 2020 году яе затрымалі сілавікі. Марыя адмовілася пакінуць краіну, разарвала свой пашпарт. Пазьней суд прыгаварыў яе да 11 гадоў турмы. Праваабарончыя арганізацыі і міжнародныя палітыкі шмат разоў заклікалі да яе вызваленьня, адзначалі цяжкія ўмовы ўтрыманьня, абмежаваны кантакт зь сям’ёй і сур’ёзныя праблемы з здароўем.
13 сьнежня 2025 году пасьля больш як 5 гадоў зьняволеньня Марыя Калесьнікава была вызвалена разам зь іншымі палітычнымі зьняволенымі і вывезена з Беларусі ва Ўкраіну. З 19 сьнежня жыве ў Нямеччыне.