Міністар унутраных справаў Беларусі Іван Кубракоў падпісаў пастанову аб дапаўненьні пераліку платных паслугаў, якія надаюць структуры ягонага ведамства арганізацыям і грамадзянам.
Як вынікае з апублікаванай на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале Беларусі пастановы, у пералік платных паслугаў, якія надаюць органы ўнутраных справаў і ўнутраныя войскі, падпарадкаваныя МУС, уключылі паслугі ў галіне кампутарнага праграмаваньня, а таксама паслугі ў распрацоўцы, вырабе, мадэрнізацыі і рамонце сродкаў патаемнага атрыманьня (фіксацыі) інфармацыі.
Такім чынам, цяпер структуры МУС могуць на платнай аснове надаваць 27 паслугаў, сярод якіх суправаджэньне транспартных сродкаў і грузаў, наданьне аўтамабільных стаянак, пасажырскія і грузавыя перавозкі, захоўваньне таварна-матэрыяльных каштоўнасьцяў, паслугі аркестру, відэа- і фатаздымкі з выкарыстаньнем дрона, удзел у кіназдымках і іншыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як выглядае Цэнтар маніторынгу, створаны Кубраковым пасьля пратэстаў 2020-га для назіраньня за беларусамі. ФОТА