Беларускі гурт «Союз» выступіў па-беларуску на BBC Radio 6 Music. Чаму гэта важна

Ілюстрацыйнае фота

Беларусаў запрасіў у эфір 28 лютага ўплывовы брытанскі дыджэй Жыль Пітэрсан. Пітэрсан спэцыялізуецца на пошуку незалежных талентаў у жанрах, якія рэдка трапляюць у камэрцыйны этэр, адзначаў часопіс C41. У яго сотні тысяч падпісчыкаў, якія сочаць за ягонымі рэкамэндацыямі на розных плятформах

Паводле Жыля Пітэрсана, стыль гурта спалучае эўрапейскі фальклёр, псыхадэліку і матывы бразыльскай папулярнай музыкі (а гэта кактэйль з самбы, баса-новы, джазу і року).

Аўдыторыя BBC Radio 6 Music — каля 2,7 мільёна слухачоў на тыдзень.

Выступ гурта суправаджаўся запісам у Maida Vale — студыі BBC з шматгадовай гісторыяй, дзе гралі зоркі сусьветнай музыкі.

«Союз» зайграў трэкі з альбому «Krok», які выйшаў летась у кастрычніку. Гэта першы беларускамоўны і чацьвёрты па ліку альбом гурта. Праўда, паслухаць гэты выступ можна толькі ў Вялікай Брытаніі.

І BBC Radio 6 Music, і брытанскі лэйбл Mr Bongo, на якім выйшлі два апошнія альбомы гурта, — прызнаныя арыентыры ў інтэлектуальнай і альтэрнатыўнай музыцы.

Прызнаньне аўтарытэтных экспэртаў падзяляюць і слухачы. На нядаўніх канцэртах «Союза» ў Лёндане, Амстэрдаме, Парыжы, Брусэлі, Бэрліне і Капэнгагене не было ніводнага непрададзенага квітка.

«Союз» 9 гадоў таму стварылі ў Беларусі кампазытар Алекс Чумак і басіст Мікіта Арлоў. З 2022 году гурт базуецца ў Варшаве. Назва, паводле задумы, апісвае характар узаемінаў паміж удзельнікамі гурта.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Няма ніякіх „зьехаўшых“ і „застаўшыхся“. Вялікая размова з Сашам Чарнухам пра беларусаў, іх музыку і ўжо напісаную трэцюю кнігу