У справаздачы разглядаецца сытуацыя з правамі журналістаў у краінах — чальцах Рады Эўропы, а таксама ў Расеі і Беларусі, якія не ўваходзяць у арганізацыю.
Паводле справаздачы, летась выпадкаў ціску на СМІ на кантынэнце значна пабольшала (+29%) у параўнаньні з 2024 годам, калі іх было зарэгістравана 266.
Справаздача фіксуе краіны з найбольшай колькасьцю папярэджаньняў аб парушэньні правоў журналістаў. Гэта Расея (50), Турэччына (49), Грузія (35), Сэрбія (35) і Ўкраіна (27). Інфармацыя аб Украіне пераважна зьвязаная з выпадкамі на акупаваных Расеяй тэрыторыях або ўчыненымі расейскім войскам.
«Найчасьцейшая катэгорыя выпадкаў (90) была зьвязаная з замахамі на фізычную бясьпеку і недатыкальнасьць журналістаў, у тым ліку з забойствам чатырох супрацоўнікаў мэдыя ў выніку ўдараў расейскіх дронаў: украінскіх журналістаў Алены Храмавай, Яўгена Кармазіна і Тацяны Кулік, францускага фотажурналіста Антаніна Лялікана», — гаворыцца ў справаздачы.
Турэцкі журналіст-фрылансэр Хакан Тасун пасьля жорсткага нападу памёр у шпіталі ў Стамбуле .
У справаздачы ёсьь папярэджаньне аб недапушчальнасьці сыстэматычнага выкарыстаньня пазбаўленьня волі як інструмэнту кантролю над мэдыя. На 31 сьнежня 2025 года ў Эўропе пад вартай знаходзіліся 148 журналістаў, у тым ліку 36 у Азэрбайджане, 32 у Расеі, 27 у Беларусі, 26 — на акупаваных тэрыторыях Украіны, 24 у Турэччыне, два ў Армэніі і адзін у Грузіі.
«У Беларусі затрыманьне стала хутчэй часткаю цыклю рэпрэсіяў, чым выключнай мерай. Вызваленьне некаторых журналістаў у 2025 годзе ня сьведчыла аб паслабленьні палітыкі, а хутчэй аб прынцыпе „карусэльных дзьвярэй“, калі новымі арыштамі кампэнсуюць вызваленьні, падтрымліваючы высокі агульны ўзровень рэпрэсіяў.
Працяглыя дасудовыя арышты, паўторныя арышты ці пагроза новага перасьледу стварылі ўмовы, у якіх журналістаў фактычна выдаляюць з грамадзкага жыцьця, нават калі яны афіцыйна не ў турме. У сукупнасьці гэтыя практыкі дэманструюць мэтанакіраваную стратэгію нармалізацыі затрыманьня як сродку цэнзуры з доўгатэрміновымі наступствамі для свабоды прэсы і грамадзкай дыскусіі», — гаворыцца ў справаздачы.
Паводле справадачы, у 2025 годзе ў Беларусі было зарэгістравана пяць новых паведамленьняў аб затрыманьнях журналістаў. Многія зь іх зьвязаныя з абвінавачаньнем у «экстрэмізьме» — гэта ярлык, які часта выкарыстоўваюць улады беларускімі для дыскрэдытацыі незалежных мэдыя і нападаў на іх.
Адным з прыкладаў стаў Кірыла Пазьняк, якога затрымалі ў пачатку верасьня за сувязь з забароненым «экстрэмісцкім» каналам на YouTube «Платформа 375». Пазьняк праводзіў дыскусіі паміж прыхільнікамі ўраду і апазыцыі на «Платформе 375» да 2022 году. Пазьняку выставілі абвінавачаньне ў «экстрэмізьме», ён зьмешчаны ў сьледчы ізалятар, паведамляецца ў справаздачы.
Што такое Рада Эўропы і ПАРЭ
- Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, спыніць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
- Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы, і Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, які страціў пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году.
- Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак Беларусь фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць шэраг захадаў для наладжваньня супрацоўніцтва зь Беларусьсю.
- Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
- Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы, кансультацыйны орган з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаваў-сяброў.
- ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкай супрацы, заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты.
- Вярхоўны Савет Беларусі ў 1990-х гадах меў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля рэфэрэндуму 1996 году гэты статус быў страчаны.
- У паседжаньнях ПАРЭ ўдзельнічаюць беларускія дэмакратычныя сілы на правах запрошанай дэлегацыі.