Дым ідзе зь месца ізраільскага авіяўдару па офісе тэлеканалу «Аль-Манар», зьвязанага з «Хэзбалой», у паўднёвым прадмесьці Бэйруту Харэт-Хрэйк 3 сакавіка 2026 году
Армія абароны Ізраіля раніцай 3 сакавіка аб’явіла аб новай сэрыі ўдараў па ваенных абʼектах у Тэгеране і Бейруце. Reuters паведамляе аб выбухах у сталіцы Лібана.
Прадстаўнік ізраільскай арміі Авіхай Адраіапублікаваў папярэджаньне аб эвакуацыі для тых, хто знаходзіцца ў паўднёвых прадмесьцях Бэйруту.
Паводле зьвестак Арміі абароны Ізраілю (ААІ), ноччу з боку Ірану ў бок Ізраілю былі запушчаныя ракеты, а з тэрыторыі Лібану — два бесьпілётнікі.
ААІ таксама заявіла, што нанесла ўдар і зьняшкодзіла групу зэнітнай артылерыі Ірану, якая спрабавала выкарыстаць сыстэму супраць ізраільскіх ВПС. Цэнтральнае камандаваньне Ўзброеных сілаў ЗША (CENTCOM) паведаміла, што ў ходзе апэрацыяў амэрыканскія войскі зьнішчылі камандна-кантрольныя пункты Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі, іранскія сродкі супрацьпаветранай абароны, пускавыя пляцоўкі ракет і бесьпілётнікаў, а таксама вайсковыя аэрадромы.
Дзяржаўны сакратар Марка Рубіё заявіў, што ЗША 28 лютага нанесьлі «прэвэнтыўны» ўдар па Іране, бо ведалі, што Ізраіль зьбіраецца ўдарыць па Іране.
«Мы ведалі, што будзе ізраільская апэрацыя. Мы ведалі, што гэта справакуе атаку на амэрыканскія войскі. І мы ведалі, што калі мы не нанясем ім прэвэнтыўны ўдар да таго, як яны пачнуць гэтыя атакі, мы панясём вялікія страты, і, магчыма, нават больш забітых», — цытуе яго BBC News.
Рубіё дадаў, што ня будзе раскрываць дэталяў тактычных дзеяньняў, але «наймацнейшыя ўдары амэрыканскіх вайскоўцаў яшчэ наперадзе».
Уначы Міністэрства абароны Саудаўскай Арабіі паведаміла аб нападзе на пасольства ЗША ў Эр-Рыядзе. Паводле ведамства, па дыпляматычнай місіі запусьцілі два дроны, у выніку атакі «ўзьнік невялікі пажар», будынку прычынена нязначная шкода. Fox News перадае, што ніхто не пацярпеў, падчас удару пасольства было практычна пустым.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў тэлеканалу NewsNation, што Злучаныя Штаты адкажуць на напад на амэрыканскую амбасаду ў Саудаўскай Арабіі.
Паводле Цэнтральнага камандаваньня Ўзброеных сілаў ЗША, пры апэрацыі ў Іране загінулі шэсьць вайскоўцаў. «Амэрыканскія войскі нядаўна выявілі целы двух вайскоўцаў, якія раней лічыліся зьніклымі бязь вестак, на абʼекце, які пацярпеў пры першых нападах Ірану ў рэгіёне», — гаворыцца ў паведамленьні.