Узброеныя сілы ЗША заявілі аб зьнішчэньні 11 іранскіх вайсковых караблёў

Іранскі карвэт клясу Jamaran, ЗША заявілі аб зьнічшэньні падобнага судна

Цэнтральнае камандаваньне Ўзброеных сіл ЗША, якое кіруе апэрацыямі на Блізкім Усходзе, заявіла аб зьнішчэньні 11 іранскіх ваенных караблёў, якія знаходзіліся да моманту пачатку апэрацыі ЗША і Ізраілю супраць Ірану 28 лютага ў Аманскім заліве.

«Два дні таму іранскі рэжым меў 11 суднаў у Аманскім заліве, зараз няма ніводнага», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.

У ім зазначаецца, што іранскі рэжым «дзесяцігодзьдзямі перасьледаваў і атакаваў міжнароднае суднаходзтва ў Аманскім заліве. Гэты час прайшоў». Да паведамленьня дададзена відэа, на якім меркавана паказаны ўдар па адным з іранскіх судоў.

Раней у ведамстве адпрэчылі сьцьвярджэньні Тэгерана аб тым, што іранскім вайскоўцам удалося паразіць амэрыканскі авіяносец. У камандаваньні адзначылі, што адзіны авіяносец, які паразілі падчас баявых дзеяньняў — гэта іранскі ваенны карабель Shahid Bagheri, на палубе якога могуць быць разьмешчаныя дроны. У паведамленьні наўпрост ня сказана, што карабель быў затоплены. Выданьне Naval News раней пацьвердзіла інфармацыю амэрыканскіх вайскоўцаў аб затапленьні іранскага карвэта клясу Jamaran ля пірса ў Чах-Бэхар у Аманскім заліве.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раней заявіў, што каля 10 іранскіх караблёў ужо «ляжаць на дне марскім». Ён адзначыў, што ўдары па іранскім флёце будуць працягвацца. Зьнішчэньне іранскага ваенна-марскога флёта было раней названа адной з мэтаў апэрацыі ЗША, нароўні з уціскам ракетнага патэнцыялу Ірана і перашкодай яго ядзернай праграме.

Іранскія ўлады афіцыйна не паведамлялі пра магчымую шкоду, нанесеную ВМС краіны.

Вайскова-марскі флёт Ірана ўключае ў сябе некалькі дзясяткаў падводных лодак, некалькі фрэгатаў і карвэтаў, а таксама дзясяткі ракетных катэраў, дэсантных і патрульных судоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Невыносная пагроза». Трамп выказаўся пра мэты вайны супраць Ірану