«Я б прапанаваў наступнае: лідэры Блізкага Ўсходу маюць цудоўныя дачыненьні з расейцамі. Яны могуць папрасіць расейцаў увесьці спыненьне агню на месяц», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў тэлефонным інтэрвію агенцтву Bloomberg.
Паводле яго, як толькі агонь будзе спынены, Украіна можа накіраваць сваіх лепшых апэратараў бесьпілётнікаў-перахопнікаў у краіны Блізкага Ўсходу. Спыненьне агню таксама можа быць абвешчана на два месяцы або два тыдні, каб Украіна змагла «дапамагчы краінам Блізкага Ўсходу абараніць цывільнае насельніцтва».
Пакуль што краіны Блізкага Ўсходжу не адрэагавалі на заяву Зяленскага.
Супольная апэрацыя ЗША і Ізраілю ўжо ў першай хвалі ўдараў 28 лютага прывяла да гібелі вярхоўнага лідэра Ірану аятола Алі Хамэнэі і значнай колькасьці прадстаўнікоў іранскага рэжыму.
У адказ вайскоўцы Ірану атакавалі ракетамі і дронамі ня толькі Ізраіль і вайсковыя аб’екты ЗША ў рэгіёне, а і сваіх рэгіянальных суседзяў, якіх у Тэгеране лічаць саюзьнікамі ЗША. Ад удараў пацярпелі ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя цэлі — жылыя дамы, гатэлі і аэрапорты. Пацярпелі таксама і вайскоўцы эўрапейскіх краіны, якія прысутнічаюць на Блізкім Усходзе.
Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр 1 сакавіка заявіў, што Іран пацэліў па брытанскай вайсковай базе ў Бахрэйне, пад пагрозай быў асабовы склад, і гэта пры тым, што Брытанія ня брала ўдзелу ў паветраных ударах па Іране.
Стармэр падкрэсьліў, што Лёндан пасьля навукі вайны ў Іраку ня мае плянаў далучацца да наступальных дзеяньняў у Іране.
«Мы не далучаемся да гэтых удараў, але мы будзем працягваць нашы абарончыя дзеяньні ў рэгіёне. І мы таксама прыцягнем экспэртаў з Украіны, а таксама нашых уласных экспэртаў, каб дапамагчы нашым партнэрам у Пэрсыдзкай затоцы зьбіваць іранскія бесьпілётнікі, якія атакуюць іх», — сказаў брытанскі прэм’ер-міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія плянуе запрасіць украінскіх экспэртаў для зьбіцьця іранскіх дронаў на Блізкім УсходзеВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.