«Вяйшнорыю» прызналі экстрэмісцкім фармаваньнем. Нагадваем, што гэта за «краіна»

Адпаведнае рашэньне было прынятае Міністэрствам унутраных справаў 2 сакавіка.

Паводле ведамства, дачыненьне да «Вяйшнорыі» мае палітвязень Алег Ларычаў.

Як пішуць праваабаронцы «Вясны», пра затрыманьне арт-мэнэджэра Алега Ларычава стала вядома на пачатку года. Ларычаў — арганізатар фэстывалю Urban Myths, грамадзкі дзеяч і стрыт-арт-мастак.

Суд Лідзкага раёну яшчэ ў жніўні 2022 году прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» інфармацыйную прадукцыю старонак «Veisnoria \ Вяйшнорыя» ў Youtube, Telegram, «УКантакце», «Аднаклясьніках», Instagram, Facebook і TikTok.

Неіснуючая дзяржава Вяйшнорыя ўпершыню зьявілася ў сцэнары сумесных вучэньняў Расеі і Беларусі «Захад-2017». Паводле легенды вучэньняў, сумесна з Вэйсбарыяй (Заходняя Літва і цэнтральная Латвія) і Лубеніяй (супадае з тэрыторыяй Сувалкаўскага калідору) Вяйшнорыя павінна была раскалоць вайсковы саюз паміж Расеяй і Беларусьсю.

Міт спадабаўся карыстальнікам сеціва, і Вяйшнорыя стала мэмам. Яна абрасла прыкметамі дзяржавы (герб, сьцяг, межы, гімн). Па меры таго, як кампанія разьвівалася, у інтэрнэце зьявіўся «афіцыйны сайт» новай краіны і яе «электроннае консульства». Там жа была разьмешчаная спэцыяльная форма, дзе можна пакінуць заяўку на «пашпарт» рэспублікі.

Вяйшнорыя абзавялася і сваімі ганаровымі грамадзянамі. У іх запісалі нябожчыка прэзыдэнта Ізраіля Шымона Пэрэса, які быў родам з тых мясьцін, а таксама зяця амэрыканскага прэзыдэнта, мужа Іванкі Трамп Джарэда Кушнера. Сам Кушнер нарадзіўся ў Амэрыцы, але ягоны дзед родам з Заходняй Беларусі і мог бы быць вяйшнорцам.

Каляж «войскаў Вяйшнорыі» з сацыяльных сетак