Расея за зіму атакавала Ўкраіну больш як 700 ракетамі і амаль 19 тысячамі дронаў — Зяленскі

Разбураная кватэра пасьля расейскага ўдару па Запарожжы, 26 лютага 2026 году

Цягам зімы Расея выпусьціла па Ўкраіне больш як 700 ракет, больш як 14 тысяч кіраваных авіябомбаў і амаль 19 тысяч ударных дронаў, паведаміў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі.

На мінулым тыдні расейскія войскі атакавалі Ўкраіну больш як 1720 дронамі, амаль 1300 бомбамі і больш як 100 ракетамі.

«Але насуперак усяму ўкраінцы прайшлі гэтую складаную зіму, калі Расея нават не спрабавала знайсьці апраўданьне сваім зьверскім ударам па цывільнай крытычнай інфраструктуры», — напісаў ён у «Тэлеграме».

«Злу трэба супрацьдзейнічаць у любой частцы сьвету. Калі ў Злучаных Штатаў і партнэраў ёсьць дастаткова рашучасьці, нават самыя крывавыя дыктатары ўрэшце плацяць за свае злачынствы», — адзначыў Зяленскі на фоне падзеяў у Іране.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранскі сыгнал для Менску. Пра што ліквідацыя Хамэнэі кажа Лукашэнку