Ціханоўская: «Беларусы салідарныя з вольным народам Ірана, а не з рэпрэсіўным рэжымам»

Сьвятлана Ціханоўская, архіўнае фота

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская адрэагавала на падзеі вакол Ірана.

«Беларусы салідарныя з вольным народам Ірана, а не з рэпрэсіўным рэжымам. Іранскі народ заслугоўвае міру, поўнай павагі да правоў чалавека і даўно чаканай свабоды, на якую ён мае поўнае права», напісала яна ў X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алі Хамэнэі, найвышэйшы кіраўнік Ірану, загінуў ад ракетнага ўдару па Тэгеране. Раней ён сустракаўся з Лукашэнкам

Палата прадстаўнікоў 1 сакавіка накіравала спачуваньне «парлямэнту і народу Ірана» ў сувязі з гібельлю «кіраўніцтва краіны і мірных грамадзян».

«Падзяляем пачуцьцё смутку родных і блізкіх загінулых. Пацьвярджаем нашу прынцыповую пазыцыю супраць любых агрэсіўных дзеяньняў, заклікаем не дапусьціць далейшай эскаляцыі канфлікту і гвалту», — гаворыцца ў паведамленьні.

Міністэрства замежных спраў Беларусі 28 лютага заклікала «ўцягнутыя ў абмен ударамі краіны» адмовіцца ад «небясьпечнай канфрантацыі» і вярнуцца да «вырашэньня ўсіх рознагалосьсяў палітыка-дыпляматычным шляхам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранскі сыгнал для Менску. Пра што ліквідацыя Хамэнэі кажа Лукашэнку