Большасьць пратэстоўцаў — студэнты рэлігійнай школы, адзначае Радыё Фарда. Пратэстоўцы разьбілі вокны. Сілавікі ўжылі зброю. Загінулі як мінімум 9 чалавек.
Вакол консульства ЗША ў Пэшавары і амбасады ЗША ў Ісламабадзе ўведзены рэжым падвышанай небясьпекі. Там таксама зьбіраюцца студэнты-пратэстоўцы.
Супрацоўнікі амбасады ЗША ў Амане пераведзеныя ў сховішчы. Амбасада заклікала грамадзянаў ЗША таксама знайсьці бясьпечнае сховішча, сачыць за мясцовымі СМІ і трымаць сродкі сувязі зараджанымі.
У Іране зноў гучаць выбухі
Днём 1 сакавіка ў Іране зноў гучаць выбухі
Мясцовыя СМІ паведамілі пра некалькі выбухаў у сталіцы краіны Тэгеране. Таксама ў нядзелю Армія абароны Ізраілю паведаміла, што наносіць удары па цэлях, «якія належаць іранскаму тэрарыстычнаму рэжыму ў самым сэрцы Тэгерана».
Іранскія ўлады пацьвердзілі, што ў выніку ўдараў ЗША і Ізраілю ў Тэгеране разам з аяталай Алі Хамэнэі загінулі некалькі ключавых вайсковых і сілавых кіраўнікоў. Сярод іх — камандуючы сухапутнымі войскамі Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі (КВІР) генэрал Махамад Пакпур і высокапастаўлены дарадца абарончага савету Алі Шамхані.
У краіне абвешчана агульнанацыянальная жалоба і запушчаны часовы мэханізм кіраваньня да абраньня новага вярхоўнага лідэра Радай экспэртаў.
У ноч на 1 сакавіка Іран у адказ на амэрыкана-ізраільскія ўдары атакаваў Ізраіль і краіны Пэрсыдзкай затокі
Ізраіль
У Тэль-Авіве іранская балістычная ракета разбурыла жылы дом і пашкодзіла яшчэ 40 суседніх будынкаў. Два чалавекі загінулі, 27 атрымалі раненьні. Вядома, што адна з загінулых — працоўная з Філіпінаў. Пра сьмерць другой мясцовай жыхаркі стала вядома раніцай 1 сакавіка. Яна памерла па дарозе ў бамбасховішча, магчыма, ад сардэчнага прыступу.
Выбух у Тэль-Авіве 28 лютага
Усяго за суткі ў Ізраілі ў бальніцы даставілі 456 чалавек, 86 зь іх былі шпіталізаваныя.
Абстрэлы Ізраілю з боку Ірану працягваліся ўсю ноч. Многія ізраільцяне правялі яе ў грамадзкіх бамбасховішчах. Уначы і раніцай сырэны гучалі ў цэнтры краіны, у Хайфе, Галілеі, на Галянскіх вышынях і ў Самарыі.
ААЭ
Іранскія дроны атакавалі славуты дубайскі гатэль «Бурдж-эль-Араб», а таксама аэрапорт. Зьбітыя іранскія дроны ўпалі ў дварах жылых дамоў, пацярпелі два чалавекі.
Паводле словаў мясцовых жыхароў, за раніцу ў небе над горадам прагучала каля 20 гучных выбухаў.
Людзі працягваюць адпачываць на пляжы, тым часам над гатэлем «Бурдж-эль-Араб» уздымаецца дым пасьля атакі Ірана
У Абу-Дабі зафіксаваныя выбухі і праца сыстэм СПА. Паводле відавочцаў, гучныя гукі былі чутныя ў раёне мячэці шэйха Заіда, у небе назіраліся сьляды перахопаў.
На мабільныя тэлефоны жыхароў і турыстаў паступілі паведамленьні з патрабаваньнем знаходзіцца ў сховішчах. Інфармацыя пра пацярпелых удакладняецца.
Міністэрства абароны ААЭ паведаміла, што сыстэмы СПА за апошнія суткі адбілі маштабную атаку з боку Ірану. Зафіксаваныя запускі 137 ракет і больш як 200 бесьпілётнікаў. 132 ракеты былі перахопленыя, яшчэ пяць упалі ў моры. Больш за 10 дронаў упалі на тэрыторыі краіны, астатнія былі зьнішчаныя.
Бахрэйн
Атакаваны гатэль Crowne Plaza Manama.
Пажар у Бахрэйне пасьля ўдару іранскага дрона
Пашкоджаны гатэль Crown Plaza ў Досе
Катар
У сталіцы Досе пад удар трапіў прамысловы раён.
Аман
Два іранскія бесьпілётнікі атакавалі порт і паранілі аднаго чалавека. Раней Аман выступаў пасярэднікам у непрамых перамовах паміж Іранам і ЗША.
Ірак
Атакаваная амэрыканская авіябаза ў Эрбілі. Старшыня парлямэнту Ірана Махамад-Багер Галібаф абвясьціў, што атакі на амэрыканскія і ізраільскія аб’екты ў рэгіёне працягнуцца. Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп у сацсетцы Truth заклікаў Іран устрымацца ад гэтага.
У Багдадзе і ягоных ваколіцах уведзены рэжым павышанай гатоўнасьці. Аэрапорт Багдаду часткова закрыты для грамадзянскіх рэйсаў, узмоцненыя меры бясьпекі на ўездах у горад. Паведамленьняў пра выбухі ў цэнтры сталіцы раніцай 1 сакавіка няма.
Паводле папярэдніх дадзеных Пэнтагону, стратаў сярод амэрыканскіх вайскоўцаў няма.
Акцыі ў Іране
У Іране прыхільнікі ісламскай рэспублікі сабраліся ў Тэгеране і іншых гарадах, у тым ліку ў Тэбрызе, Мэшхедзе, Ісфахане, Ахвазе і Керманшаху, каб ушанаваць памяць аяталы Хамэнэі. Яны размахвалі чорнымі сьцягамі і скандавалі: «Сьмерць Амэрыцы» і «Сьмерць Ізраілю».
Арганізацыя рэлігійных саветаў паведаміла пра пераўтварэньне рэлігійных групаў у «раённыя штабы супраціву», якія будуць займацца «прадухіленьнем дэструктыўных наратываў» і падрыхтоўкай да «кіраваньня інфармацыйным вакуумам».
У той жа час Reuters са спасылкай на відавочцаў паведамляе, што некаторыя іранцы выйшлі на вуліцы Тэгерану, Кярэджу і Ісфахану, каб адзначыць гібель аяталы. У сацсетках зьявіліся відэа, якія цяжка вэрыфікаваць ва ўмовах блякаваньня інтэрнэту.
Іранская служба Бі-бі-сі сьцьвярджае, што журналістам удалося пацьвердзіць некалькі відэа, дзе людзі радуюцца і сыгналяць аўтамабілямі. Паводле The New York Times, журналісты выданьня зьвязаліся з жыхарамі Тэгерану, якія паказалі кадры, на якіх людзі танчаць і крычаць «Свабода!».
Агенцтва Reuters паведаміла пра зьнішчэньне помніка аяталу Хамэнэі ў горадзе Галедар.
Рада бясьпекі ААН правяла экстранае пасяджэньне
Пасяджэньне ААН 28 лютага
Генэральны сакратар Антоніу Гутэрыш асудзіў удары ЗША і Ізраілю па Іране і атакі Тэгерана ў адказ, якія, паводле ягоных слоў, парушылі сувэрэнітэт Бахрэйна, Іраку, Ярданіі, Кувэйту, Катару, Саудаўскай Арабіі і ААЭ.
Францыя, па ініцыятыве якой было скліканае пасяджэньне, асудзіла ўдары Ірана па краінах рэгіёну. Расея падтрымала Іран, назваўшы дзеяньні ЗША і Ізраіля «актам агрэсіі». Прадстаўнікі Ізраілю і ЗША патлумачылі ваенную апэрацыю неабходнасьцю прадухіленьня «істотнай пагрозы».
Іран назваў амэрыкана-ізраільскія атакі парушэньнем Статуту ААН і заявіў пра «законнае права на самаабарону».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алі Хамэнэі, найвышэйшы кіраўнік Ірану, загінуў ад ракетнага ўдару па Тэгеране. Раней ён сустракаўся з ЛукашэнкамШто варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі
Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі. Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек. 85% зь іх — мусульмане-шыіты, амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне.
Краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй, Туркмэністанам, Іракам, Турэччынай, Афганістанам і Пакістанам.
У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком, прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу, «заходнія ўплывы» былі абмежаваныя.
Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.
Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта. З 2024 году гэтую пасаду займае Масуд Пэзэшкіян. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку, камандуе Ўзброенымі сіламі і вайсковай выведкай, прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве — старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.
Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду да сваёй гібелі 28 лютага займаў Алі Хамэнэі, які перад гэтым з 1981 году быў прэзыдэнтам Ірана.
У сьнежні 2025 году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне ўспыхнулі пратэсты. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым далучыліся студэнты, іншыя жыхары гарадоў. Пратэсты не спыняліся каля 50 дзён і былі жорстка задушаныя. Праваабаронцы з арганізацыі HRANA пацьвердзілі больш за 7 тысяч сьмерцяў падас пратэстаў, і працягваюць правяраць яшчэ амаль 12 тысяч паведамленьняў.
Стасункі зь Беларусьсю
У 2006 годзе Беларусь вырашыла наладзіць зборку іранскіх аўтамабіляў Samand. Да згортваньня праекту ў 2013-м удалося выпусьціць толькі 2000 машын.
Абʼём гандлю Беларусі з Іранам за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў. Паводле ўладаў, у 2024 годзе ён вырас на чвэрць.
• У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі.
• У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян сустрэўся з Лукашэнкам у Менску. Яны дамовіліся скасаваць візы і адкрыць авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.
• У сьнежні 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.
Супраца ў вайсковай сфэры
• У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сустрэўся ў Тэгеране зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Яны падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
• У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў красавіку — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
• У красавіку 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
• У траўні 2024 году беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі — 2024» у Тэгеране. А ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры іранскай амбасадзе.
• У ліпені 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
• У жніўні 2024 году камандуючы вайскова-паветранымі сіламі Беларусі Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану Абдулрагімам Мусаві і камандзірам ВПС Ірану Хамідам Вахэдзі.
• У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
• У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і абвясьцілі пра намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.