«Як скончым – бярыце ўладу ў свае рукі». Апэрацыю супраць Ірану пракамэнтавалі Трамп, Нэтаніягу, Пэхлеві

Фота з сацсетак

28 лютага Дональд Трамп пракамэнтаваў у сацсетцы Truth Social удары ЗША па Ірану, заявіўшы, што амэрыканскія вайскоўцы маюць намер зьнішчыць усю ракетную прамысловасьць і ВМС Ірану.

«Мы зьбіраемся зьнішчыць іх ракеты і зраўняць іх ракетную прамысловасьць зь зямлёй. Яна будзе цалкам зьнішчаная. Мы зьбіраемся зьнішчыць іх ваенна-марскі флёт. Мы зьбіраемся пераканацца, што тэрарыстычныя марыянэткі ў рэгіёне больш ня змогуць дэстабілізаваць рэгіён ці сьвет і атакаваць нашы сілы. І мы забясьпечым, каб Іран не атрымаў ядзерную зброю. Гэта вельмі простае пасланьне. У іх ніколі ня будзе ядзернай зброі».

«Наша мэта — абараніць амэрыканскі народ шляхам ліквідацыі немінучых пагроз з боку іранскага рэжыму, заганнай групы вельмі жорсткіх, жахлівых людзей. Яго пагрозьлівая дзейнасьць наўпрост падвяргае небясьпецы Злучаныя Штаты, нашы войскі, нашы замежныя базы і нашых саюзьнікаў па ўсім сьвеце», — сказаў Трамп у відэазвароце.

Ён зьвярнуўся да іранцаў: «Калі мы скончым — вазьміце ўладу ў свае рукі. Яна будзе належаць вам. Гэта, імаверна, адзіны ваш шанец на працягу пакаленьняў».

Рэза Пэхлеві: «Гэта гуманітарнае ўмяшаньне»

Сын апошняга іранскага шаха Рэза Пэхлеві таксама выступіў са зваротам. Ён заклікаў іранскі народ рыхтавацца да «вырашальнай бітвы»

Асноўнае зь яго звароту:

«Дапамога, якую прэзыдэнт Злучаных Штатаў паабяцаў адважнаму народу Ірану, ужо тут. Гэта гуманітарнае ўмяшаньне, і яго мэтай зьяўляецца Ісламская Рэспубліка, яе рэпрэсіўны апарат і машына гвалту — а не краіна і вялікі народ Ірану.

Аднак нават з надыходам гэтай дапамогі канчатковая перамога будзе дасягнутая нашымі рукамі. Менавіта мы, народ Ірану, давядзём гэтую справу да канца ў гэтай вырашальнай бітве».

Таксама Пэхлеві зьвярнуўся да ўзброеных сіл Ірану і заклікаў іх «далучыцца да народу», і да Дональда Трампа — з просьбай аб «максымальнай асьцярожнасьці».

Рэза Пэхлеві — унук заснавальніка шахскай дынастыі Рэзы Пэхлеві, у гонар якога ён быў названы. Пасьля ісламскай рэвалюцыі 1979 году ён абвясьціў сябе законным кіраўніком Ірану ў выгнаньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Абстрэлы Ірану і ракетныя атакі ў адказ. ФОТАГАЛЕРЭЯ


Нэтаніягу: «Умовы, каб іранскі народ узяў лёс у свае рукі»

Прэм’ер-міністар Ізраілю Біньямін Нэтаніягу заявіў, што сумесны ўдар ЗША і Ізраілю па Іране «створыць умовы для таго, каб сьмелы іранскі народ змог узяць свой лёс ва ўласныя рукі». «Надышоў час усім пластам іранскага грамадзтва скінуць ярмо тыраніі і прывесьці да стварэньня свабоднага і міралюбівага Ірану», — гаворыцца ў заяве Нэтаніягу.

Прадстаўнік Злучаных Штатаў у камэнтары Радыё Свабода пацьвердзіў удзел Амэрыкі ў апэрацыі супраць Ірану. Амэрыканскі чыноўнік кажа, што авіяўдары яшчэ працягваюцца і маюць на мэце «аслабіць інфраструктуру бясьпекі Ірану».

СМІ пішуць, што паводле іранскіх крыніц, краіна рыхтуецца да адказу, і ён «будзе зьнішчальным».


Іранская агенцыя Nour News паведамляе, што Іран запусьціў дзясяткі балістычных ракет у бок Ізраілю, па амэрыканскіх базах на Блізкім Усходзе і па саюзьніках ЗША у рэгіёне.

CNN і агенцтва Reuters паведамляюць, што амэрыканская база ў Абу-Дабі стала цэльлю іранскага ракетнага ўдару. Бахрэйн пацьвердзіў ракетны ўдар па сэрвісным цэнтры Пятага флёту ЗША – у сеціве зьявілася відэа прылёту па базе. Паводле СМІ, іранскія балістычныя ракеты таксама пацэлілі ў авіябазу Аль-Дафра ў ААЭ і авіябазу Алі Аль-Салем у Кувэйце. Паведамляецца аб атаках на амэрыканскія аб'екты ў Ярданіі і Савудаўскай Арабіі.

ААЭ, Кувэйт і Катар закрылі сваю паветраную прастору. Паведамляецца пра выбухі ў Дубаі.

Ізраільскі «9 канал» паведамляе аб атацы іранскімі ракетамі амэрыканскага авіяносца Abraham Lincoln у Аравійскім моры. Сацсеткі публікуюць зьвесткі пра масавы абстрэл па ўсёй тэрыторыі Ізраілю. Армія абароны Ізраілю заявіла пра набор 70 тысяч рэзэрвістаў.


  • Ізраільскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па тэрыторыі Ірану, у Тэгеране прагрымелі выбухі, паведаміла раніцай 28 лютага Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ).
  • Паводле міністра абароны Ізраіля Ізраіля Каца, краіна пачала «прэвэнтыўную ваенную апэрацыю» супраць Ірану, якая «мае за мэту нэйтралізаваць патэнцыйную пагрозу з боку Тэгерану, а таксама прадухіліць магчымыя ўдары па тэрыторыі Ізраілю».
  • Адной з цэляў ранішніх удараў па Іране была рэзыдэнцыя аяталы Алі Хамэнэі, паведамляюць ізраільскія СМІ. Але яго цяпер няма ў Тэгеране — іранскага духоўнага лідэра загадзя перамясьцілі ў бясьпечнае месца.
  • 13 лютага прэзыдэнт ЗША заявіў, што зьмена рэжыму ў Іране будзе «лепшым, што можа адбыцца». Ён таксама пацьвердзіў, што другі авіяносец, USS Gerald R. Ford, хутка далучыцца да «масіўнай» армады ЗША ў Аравійскім моры.


Што папярэднічала ўдарам

У пятніцу Трамп сказаў, што яго не задавальняе пазыцыя Ірану на перамовах у Жэнэвепаміж прадстаўнікамі гэтай краіны і ЗША, адзначыўшы, што Тэгеран ня згодны фармальна адмовіцца ад плянаў атрымаць ядзерную зброю і спыніць узбагачэньне ўрану.

Летась ЗША нанесьлі ўдары па ядзерных аб’ектах Ірану. У Вашынгтоне тады заявілі, што яны былі цалкам зьнішчаныя. Цяпер улады ЗША заяўляюць, што Іран спрабуе аднавіць сваю ядзерную праграму. У Тэгеране пры гэтым заяўляюць, што ня маюць на мэце валоданьне ядзернай зброяй.

У выніку пратэстаў супраць рэжыму Хамэнэі ў студзені 2026 году загінулі, паводле розных ацэнак, некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Адзін зь лідэраў іранскай апазыцыі, які жыве ў ЗША сын былога шаха Ірану Рэза Пэхлеві, заклікаў іранскіх сілавікоў «пераходзіць на бок народу» (сярод іранскіх пратэстоўцаў ёсьць як прыхільнікі, так і супернікі Пэхлеві і ідэі аднаўленьня манархіі ў краіне).

«Для зьмены балянсу сіл неабходная міжнародная гуманітарная інтэрвэнцыя. Цяпер, калі верагоднасьць такой інтэрвэнцыі вышэйшая, чым калі-небудзь, у ваенных і паліцэйскіх камандзіраў, асабліва ў камандаваньня арміі і іншых службовых асоб, чые рукі не заплямленыя крывёй народу, застаецца абмежаваны час, каб адзьдзяліць сябе ад злачыннага рэжыму», — напісаў Пэхлеві ў сацыяльнай сетцы X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль і ЗША наносяць удары па Ірану: у Тэгеране прагрымелі выбухі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз, Беларусь і Расея адрэагавалі на падзеі ў Іране і Ізраілі