У Беларусі прагназуюць вялікую паводку, каго яна можа закрануць?

Паводка на Гомельшчыне, 2023

Паводле папярэдніх прагнозаў у зону затапленьня можа трапіць да 60 % тэрыторыі Беларусі праз вялікую колькасьць сьнегу.

Аб тым, каго могуць закрануць падтапленьні падчас паводкі, расказалі БелТА ў Беларускім таварыстве выратаваньня на водах.

Як заявіла афіцыйны прадстаўнік выканаўчага апарату Рэспубліканскага савета таварыства выратаваньня на водах Кацярына Міхалёва, у Беларусі рыхтуюцца да паводкі і магчымых падтапленьняў.

Па падліках Белгідрамэта, у 2026 годзе паводка будзе больш моцнай, чым у апошнія гады. У пытаньні паводкі вялікую ролю адыгрывае абвадненьне рэгіёну. Адна з самых нізкіх у Менску — менш за 1%, а самая высокая — у Віцебскай вобласьці — больш за 30%.

Міхалёва паведаміла, што зараз падтапленьняў не зарэгістравана, але ў Берасьцейскай вобласьці ў зону магчымага падтапленьня трапляюць Столінскі, Пінскі, Берасьцейскі і Маларыцкі раёны. У Віцебскай вобласьці падтапленьні прагназуюцца ў басэйнах рэк Заходняй Дзьвіны і Дняпра, у тым ліку на тэрыторыі Міёрскага і Верхнядзвінскага раёнаў. У Гомельскай вобласьці падтапленьні магчымы ў самім Гомлі, а таксама ў Гомельскім і Добрушскім раёнах.

У Таварыства выратаваньня на водах, паводле слоў Кацярыны Міхалёвай, дастаткова тэхнікі для таго, каб справіцца з гэтай сытуацыяй.

«Мы зьбіраемся ствараць перасоўныя выратавальныя пасты, якія будуць працаваць у кругласутачным рэжыме і дапамагаць дастаўляць людзей з адной кропкі ў іншую, а таксама забясьпечваць транспарціроўку прадуктаў харчаваньня», — падзялілася яна.

Таксама заплянаваны спэцыяльныя памяшканьні для выратавальнікаў і валянтэраў. Гаворачы аб іншых рэгіёнах, Кацярына Міхалёва адзначыла, што магчымы падтапленьні ў Бярэзінскім, Барысаўскім і Пухавіцкім раёнах Менскай вобласьці. Але, паводле меркаваньня спэцыялістаў, сытуацыя ня будзе крытычнай. Зоны магчымых падтапленьняў выявілі ў Магілёўскай вобласьці, нягледзячы на тое, што там пакуль стаіць лёд.

Паводле папярэдніх прагнозаў у зону затапленьня можа трапіць да 60 % тэрыторыі Беларусі праз вялікую колькасьць сьнегу. Найбольш ад такіх зьяў пакутуе Гомельская вобласьць. Вясновая паводка традыцыйна пачынаецца на рэках Прыпяць, Сож і Дняпро.

Найбольшая паводка ў Гомельскай вобласьці адбылася ў 2023 годзе. Тады пад вадой апынуліся сотні падворкаў, жылых дамоў і гаспадарчых пабудоў, а людзей часова адсялялі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Сожы пад Гомлем будуюць новую дамбу, каб папярэдзіць вялікую паводку