Пакістан атакаваў вялікія гарады Афганістану. У абедзьвюх краінах паведамілі аб вялікіх стратах

Кабул, які разам зь іншымі гарадамі Афганістану атакаваў Пакістан. 27 лютага 2026 году

Пакістан у ноч на 27 лютага адначасова з зямлі і паветра атакаваў урадавыя аб’екты ў вялікіх гарадах Афганістану.

Як паведаміла агенцтва Reuters, міністар абароны Пакістана ахарактарызаваў гэтыя дзеяньні як «адкрытую вайну».

Паводле крыніц агенцтва ў службах бясьпекі Пакістану, удары наносілі па пастах пастах талібаў, штабах і складах боепрыпасаў у некалькіх сэктарах уздоўж мяжы.

Абодва бакі паведамілі пра вялікія страты, але апублікавалі істотна розныя лічбы, якія агенцтва не змагло незалежна праверыць.

«Наш кубак цярпеньня перапоўніўся. Цяпер паміж намі і вамі (Афганістанам) адкрытая вайна», — заявіў 27 лютага міністар абароны Пакістана Хаваджа Мухамад Асіф.

Гэтая атака можа ператварыцца ў зацяжны канфлікт уздоўж мяжы (яе працягласьць 2600 кілямэтраў) пасьля настойлівых абвінавачваньняў Ісламабаду ў тым, што Кабул хавае баевікоў, якія ўчыняюць напады ўнутры Пакістану. Талібы адмаўляюць абвінавачваньні і сьцьвярджаюць, што бясьпека Пакістана — гэта ўнутраная праблема.

Прадстаўнік талібаў Забіхула Муджахід заявіў, што пакістанскія сілы нанесьлі авіяўдары па частках Кабула, Кандагара і Пактыі.

Відэа, апублікаванае пакістанскімі сіламі бясьпекі, паказвае ўспышкі сьвятла ўначы ад стральбы ўздоўж мяжы і гук цяжкай артылерыі. На відэа ўдараў па Кабуле можна пабачыць густы чорны дым у двух месцах і вялікае ўзгараньне ў другой частцы сталіцы Афганістану. На іншым відэа паказалі будынак у агні, які, паводле чыноўнікаў, зьяўляецца штаб-кватэрай талібаў у правінцыі Пактыя.

«Пакістанскія контрудары па мэтах у Афганістане працягваюцца», — заявіў прадстаўнік урада Пакістана Машараф Заідзі ў паведамленьні на плятформе X, апісваючы дзеяньні як адказ на «несправакаваныя афганскія напады».

Сьведкі ўдараў па Афганістане паведамілі Reuters, што ў Кабуле пасьля гучнага выбуху і гуку самалётаў было чуваць шмат сырэн хуткай дапамогі.

Паводле пакістанскага боку, у выніку ўдару 133 байцы талібаў загінулі і больш за 200 атрымалі раненьні, 27 пастоў зьнішчылі і дзевяць захапілі.

Афганістанскі боку заявіў аб гібелі 55 пакістанскіх салдат і захопе 19 пастоў. Свае страты талібы ацанілі ў меншыя лічбы — восем байцоў талібаў забітыя, 11 параненыя і 13 мірных жыхароў атрымалі раненьні ў правінцыі Нангархар.

Увечары 26 лютага ўздоўж мяжы паміж Пакістанам і Афганістанам успыхнулі сутыкненьні пасьля таго, як талібы напалі на пакістанскія вайсковыя аб’екты. Абодва бакі заявілі, што ў гэтых баях зьнішчылі памежныя пасты.

Ісламабад даўно абвінавачвае Афганістан у тым, што той хавае на сваёй тэрыторыі баевікоў на чале з пакістанскім аддзяленьнем Талібану «Тэхрык-э-Талібан», што Кабул адмаўляе. Праз гэта на мяжы паміж краінамі пэрыядычна адбываюцца баявыя дзеяньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакістан паведаміў пра сутыкненьні на мяжы ў час перамоваў з Афганістанам