Што за аўтаматы абяцаюць выпускаць у Беларусі

Аўтамат VSK–100, фота з сайта bsvt.by

У Беларусі да канца году зьбіраюцца запусьціць у сэрыйную вытворчасьць аўтаматы VSK-100, абяцае дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Аляксандар Вальфовіч. Паглядзелі, што гэта за зброя.

Пра выпуск беларускіх аўтаматаў дзяржаўны сакратар Рады Бясьпекі расказаў у інтэрвію дзяржаўнай тэлевізіі «Першы інфармацыйны».

З словаў Вальфовіча, VSK-100 — «сучасны беларускі аўтамат з 100-адсоткавай лякалізацыяй». Прыводзяцца характарыстыкі зброі: даўжыня 915 мм, вышыня 265 мм, шырыня 6,5 мм. Вага аўтамата без магазыну — 4,3 кіляграма. Аўтамат прызначаны для патронаў калібрам 7,62×39 мм, магазын зьмяшчае 30 патронаў. Рэжым стральбы — адзіночны або аўтаматычны, тып замыканьня — паваротны, мэханізм з бакавым газавым рухавіком.

У сюжэце гаварылася пра дзьве камплектацыі: аўтамат VSK-100 і палепшаная камплектацыя — VSK-100BP (бул-пап).

У апошнім варыянце прапануецца меншая даўжыня зброі — 670 мм пры даўжыні рулі 420 мм. Таксама ў такой камплектацыі зброя мае прыцэл. Гэтыя аўтаматы Лукашэнку паказвалі яшчэ ў чэрвені 2021 году. А ўпершыню іх прадэманстравалі на выставе MILEX яшчэ ў 2019 годзе. У 2020-м паведамлялі, што гэтая зброя прайшла выпрабаваньні.

Хто стаіць за вытворчасьцю гэтай зброі

Паводле інфармацыі аб’яднаньня былых сілавікоў BelPol, вытворца VSK-100 — падсанкцыйнае прадпрыемства «Кідма тэк», якое ўваходзіць у структуру вайскова-прамысловага камітэту Беларусі.

Прадпрыемства мае тры асноўныя вытворчыя пляцоўкі: гэта адміністрацыйны офіс у Менску; тэрыторыя былой вайсковай часткі ў Станькаве Дзяржынскага раёну, дзе месьцяцца вытворчыя цэхі і цір; пляцоўка былой вайсковай базы ў Воршы, дзе месьціцца выпрабавальны цэнтар. Там праводзяць балістычныя і фізыка-хімічныя выпрабаваньні боепрыпасаў, а таксама цьвёрдых ракетных паліваў. Апроч гэтых аўтаматаў, «Кідма тэк» займаецца выпускам патронаў калібраў 7,62×39, 7,62×54R и 9×19 мм, рамонтам і абслугоўваньнем авіяцыйных ракет Р-60, Р-73, Р-27, мадэрнізуе супрацьтанкавы ракетны комплекс 9М114 «Штурм».

Стэнд са стралковай зброяй на выставе MILEX-2019. Менск, 15 траўня 2019 году

Статутны капітал «Кідма тэк» належыць тром юрыдычным адзінкам. 50% мае дзяржаўная «Белспэцзьнештэхніка», 25% — латвійская кампанія Electrooptic, яшчэ 25% — кампанія Sohra Overseas FZE (Аб’яднаныя Арабскія Эміраты).

Апошняя кампанія спэцыялізуецца на пастаўках беларускай тэхнікі і угнаеньняў на Блізкі Ўсход і ў Афрыку, а таксама на здабычы карысных выкапняў.

Кампанію кантралюе Timak General Trading Co., гэтую структуру зьвязваюць з Аляксандрам Зайцавым, набліжаным да Лукашэнкі бізнэсоўцам.

Прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар у размове з Свабодай патлумачыў, што вытворцы аўтамата сутыкнуліся з праблемай праз санкцыі. У 2024 годзе «Кідма тэк» трапіла пад санкцыі ЗША і Канады, у 2021 годзе — пад санкцыі ЭЗ.

Уладзімер Жыгар

«Гэта проста мадэрнізацыя аўтамата Калашнікава сіламі кампаніі, якая робіць оптыку, іншыя дэталі. „Кідма Тэк“ проста ставіць на аўтамат тое ж, што яна робіць. Праблема была ў іншым — санкцыі заблякавалі пастаўкі высокадакладнага заходняга абсталяваньня. МЗС Беларусі праз амбасаду ў Аўстрыі спрабавала дамовіцца на пастаўку машыны, якая робіць рулю — асноўны элемэнт аўтамату. Пасьля таго як яны не змаглі гэта набыць у Аўстрыі, яны зьвярнуліся ў канцэрн „Калашнікаў“. Там таксама ў бліжэйшы час не змаглі паставіць абсталяваньне. Пасьля гэтага ўлады актывізавалі кантакты з Іранам і дамовіліся пра абсталяваньне зь імі», — расказвае Ўладзімер Жыгар.

Ідзецца пра іранскую кампанію Defense Industries Organization, якая арганізавала пастаўкі праз непадсанкцыйную структуру — беларускі «Белзьнешпрамсэрвіс».

«Гэта савецкі аўтамат»

З словаў Уладізмера Жыгара, у гэтай зброі няма нічога «інавацыйнага». Ён зьвяртае ўвагу на тое, што беларускае войска ня будуць узбройваць гэтай распрацоўкай. Калі сэрыйную вытворчасьць і наладзяць, гэтыя аўтаматы будуць спрабаваць прадаць за мяжу.

Аўтамат Калашнікава савецкай распрацоўкі

«Гэта савецкі „Калашнікаў“, палепшаны за кошт аптычных прыладаў і дробных дэталяў, абсталяваны руляй, якая робіцца на іранскім абсталяваньні. „Кідма тэк“ на 70% разьлічана на пастаўкі за мяжу. Асноўныя пакупнікі: Расея, Іран, Узбэкістан і краіны Афрыкі. Беларускаму войску такая зброя не патрэбная. Ніякай масавай вытворчасьці на цяперашні момант няма і не прадбачыцца. Калі гэта і выйдзе ў сэрыйную вытворчасьць, гэта будзе разьлічана на экспарт. Будуць прадаваць у краіны, якія ня могуць зь нейкіх прычынаў законна, легальна набываць зброю», — мяркуе Жыгар.

«Не магу зразумець, навошта яны гэта зрабілі»

Свабода на ўмовах ананімнасьці пагаварыла з былым вайскоўцам адной з краін ЭЗ, прафэсійным інструктарам у стральбе. Найперш спэцыяліста зьдзівіла вага новага беларускага аўтамата.

«Ён важыць больш за арыгінал. „Калашнікаў“ — 3,1 кіляграма, а гэты 4,3 кіляграма. Гэта нязручна ў баявых умовах. На яго зьверху навесілі рэйку — плянку Пікатыні, каб ставіць на яе прыцэл. Вечка рульнай каробкі звычайна не прызначана для аптычных прыцэлаў на сэрыі АК. Чаму ўжо не маглі прымацаваць плянку Пікатыні на цаўё, калі вырашылі яе ставіць? Прылада для шчакі на прыклáдзе: ну 50 на 50 — адваліцца яна ў пэўны момант ці не?» — кажа спэцыяліст пра першую вэрсію VSK-100.

Другая вэрсія, VSK-100BP, на ягоную думку, — мадыфікацыя, не зусім пасуе да мэтаў, для якіх праектаваўся «Калашнікаў».

«Гэта проста саматужна перароблены „Калашнікаў“, яго з такой задумай наагул не канструявалі. Не магу зразумець, навошта гэта рабілася», — заўважае суразмоўца.