Грамадзянін замежнай краіны, які працуе на сельгаспрадпрыемстве ў Добрускім раёне Гомельскай вобласьці, вырашыў прыйсьці на прыём, які праводзіў кіраўнік раёну.
«Ужо ў сакавіку я буду вымушаны пакінуць Беларусь. Органы міграцыі ўхвалілі рашэньне аб маёй дэпартацыі. Між тым, тут жыве мая маці, і мне хацелася б жыць побач зь ёй», — працытавала іншаземца раённае выданьне «Добрушскі край».
Паводле выданьня, мужчына некалькі разоў парушыў правілы дарожнага руху, быў пакараны за гэта паводле Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях і атрымаў некалькі папярэджаньняў з аддзяленьня грамадзянства і міграцыі МУС.
«Нягледзячы на гэта, ён прымудрыўся дадаць у скарбонку яшчэ шэсьць правапарушэньняў», — адзначаецца ў матэрыяле аб выніках прыёму старшыні Добрускага райвыканкаму.
«У сутнасьці, вы ўчынілі правапарушэньне ў краіне, грамадзянінам якой не зьяўляецеся. Няўхільнае выкананьне беларускага заканадаўства — адна з умоваў жыхарства ў нашай рэспубліцы. Рашэньне ўхвалена, правам на яго абскарджаньне вы не скарысталіся. Закон суровы, але ён закон. Скасаваньне рашэньня — не ў кампэтэнцыі выканаўчай улады», — заявіў Аляксандар Горбач.
У публікацыі адзначаецца, што «наступныя 18 месяцаў мужчына правядзе за межамі нашай дзяржавы. Дзе менавіта — вырашаць яму».
Мясцовае выданьне не ўдакладніла грамадзянства гэтага мужчыны. Добрускі раён мяжуе з Украінай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларус ня вельмі абаронены ў сваёй краіне, а мігрант абаронены ўдвая менш», — экспэртка пра ахвяраў і дэпартацыі