Што стала вядома пра справу Анжалікі Мельнікавай за год пасьля яе зьнікненьня

Анжаліка Мельнікава на форуме Касьцюшкі ў Гданьску, за тры тыдні да ад'езду з Варшавы. Пачатак лютага 2025 году

26 лютага 2025 году Анжаліка Мельнікава вылецела з Варшавы ў Лёндан. Такую інфармацыю з спасылкай на польскую паліцыю агучыў Павал Латушка празь месяц пасьля гэтай падзеі. Расказваем, што пра гучную справу стала вядома праз год.

Аб тым, што тагачасная сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь, публічна стала вядома 28 сакавіка 2028 году. Інфармацыю аб гэтым агучыў кіраўнік Народнага антыкрызыснага ўпраўленьня Павал Латушка, у чыю каманду Мельнікава ўваходзіла працяглы час. Паплечнікі заўважылі зьнікненьне Анжалікі на тры дні раней — 25 сакавіка. Паўзу ў тры дні пазьней тлумачылі просьбай польскай паліцыі не сьпяшацца з агалошваньнем гэтых зьвестак.

Большасьць паплечнікаў Анжалікі Мельнікавай ў Каардынацыйнай радзе даведаліся аб яе зьнікненьні з мэдыя. Зь іхных словаў, увачавідкі ў Варшаве сьпікерку бачылі апошні раз у канцы лютага. Пасьля яна была дасяжная толькі дыстанцыйна, праз мэсэнджары, сваю адсутнасьць на сустрэчах тлумачыла хваробай. Адзін з апошніх сазвонаў з калегамі ў Анжалікі Мельнікавай быў 21 сакавіка.

«Я ёй пісаў у мэсэнджары. Супакоіла, што ўсё вырашыць»

«Я быў, падобна, апошнім, хто зь ёю размаўляў, — расказвае ў размове з Свабодай апэратар Андрэй (імя суразмоўцы зьмененае дзеля бясьпекі. — РС). — У канцы сакавіка напісаў ёй пытаньне аб аплаце здымак. Яна адказала, што ўсё ў парадку. Што яна рыхтуе паперы і хутка я атрымаю аплату. А празь некалькі дзён мы даведаліся, што Анжаліка зьнікла».

Андрэй супрацоўнічаў з Анжалікай Мельнікавай, Паўлам Латушкам і шэрагам іншых беларускіх палітыкаў у Варшаве. Ён расказвае, што яго працу для Мельнікавай нельга назваць рэгулярнай, аднак некалькі відэа зь яе ўдзелам ён зьняў. Аплата была афіцыйнай, з падпісаньнем дамовы, ніякіх капэртаў. Разьлічвалася Анжаліка звычайна ў абазначаны тэрмін.

«А тут гаварыла, што рыхтуе перавод, што ўсё будзе добра, што хварэе, — узгадвае сваю апошнюю размову са зьніклай сьпікеркай Андрэй. — Я ёй пісаў у мэсэнджары. Супакоіла, што ўсё вырашыць. Наколькі я ведаю, нас такіх сабралася тады некалькі. Мы чакалі аплаты ад яе, пэрыядычна пыталіся пра гэта».

Мельнікава на форуме беларусаў у Варшаве, студзень 2025 году

У той час, калі Андрэй перапісваўся з Анжалікай Мельнікавай у пытаньнях аплаты выкананай працы, яе ўжо не было на тэрыторыі Эўразьвязу. Пра гэта на пачатку красавіка паведаміў Павал Латушка з спасылкай на зьвесткі польскай паліцыі. Паводле іх, сьпікерка Каардынацыйнай рады вылецела з Варшавы ў Лёндан 26 лютага 2025 году і больш на тэрыторыю Эўразьвязу не вярталася.

Грошы за выкананую працу апэратар так і не атрымаў. З словаў Андрэя, ён ведае яшчэ прынамсі чатырох чалавек, зь якімі не разьлічыліся празь зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай. У рэальнасьці іх можа быць значна больш.

«Пракурор не згаджаецца на паданьне інфармацыі»

Справу аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай, якая да лютага 2025 году ўжо пасьпела атрымаць польскае грамадзянства, з варшаўскай паліцыі хутка перадалі ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы, расьсьледаваньнем пачала займацца яе Люблінскае аддзяленьне. Як расказвалі тады Свабодзе польскія экспэрты, перадача расьсьледаваньня ў рэгіянальны філіял пракуратуры — звычайная практыка для Польшчы, выкліканая занятасьцю ведамства. А сам факт перадачы справы ў Нацыянальную пракуратуру сьведчыў аб высокім узроўні ўвагі, якую польскія ўлады надалі зьнікненьню беларускі. Аднак за год расьсьледаваньня амаль ніякай афіцыйнай інфармацыі аб яго ходзе ад польскіх праваахоўных органаў больш не паступала.

«Нягледзячы на тое, што я ініцыяваў падачу заявы аб факце зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай у камэндатуру сталічнай паліцыі ў Варшаве, ні я, ні наша каманда не зьяўляецца бокам у гэтым сьледзтве, — гаворыць у камэнтары для Свабоды Павал Латушка. — Таму ў нас абмежаваныя магчымасьці атрымліваць інфармацыю аб ходзе сьледчых дзеяньняў. Разам з тым я зьвяртаўся ў Нацыянальную пракуратуру Польшчы з просьбай аб паданьні інфармацыі і на мінулым тыдні зноў накіраваў запыт пракурору. З даступных мне зьвестак, у гэты момант месца знаходжаньня Анжалікі Мельнікавай ня вызначана. Гэта, безумоўна, ня можа пакідаць нас, яе калегаў, абыякавымі ў гэтай сытуацыі».

Павал Латушка

На запыт Свабоды, накіраваны ў Люблінскае аддзяленьне польскай пракуратуры, адказалі, што сьледзтва працягваецца, аднак рашэньне аб агалошваньні нейкіх зьвестак пра яго хаду можа быць прынятае толькі ў Нацыянальнай пракуратуры. Там празь некалькі дзён паўзы паведамілі, што зьвесткі аб расьсьледаваньні справы Анжалікі Мельнікавай агалошаныя пакуль быць ня могуць.

«У інтарэсах расьсьледаваньня і прынятых кірункаў расьсьледаваньня пракурор, які вядзе справу, не згаджаецца на паданьне інфармацыі аб бягучых выніках справы», — паінфармавала Свабоду прадстаўнічка Нацыянальнай пракуратуры Польшчы Катажына Цалюў-Яшэўская.

У канцы вясны і летам 2025 году зьявілася некалькі неафіцыйных вэрсіяў зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай. Ад выкраданьня беларускімі спэцслужбамі, да сьвядомага ад’езду з Варшавы разам зь дзецьмі праз раман зь дзейным супрацоўнікам КДБ Беларусі. Ніводная зь агучаных журналістамі або былымі супрацоўнікамі спэцслужбаў вэрсіяў пакуль не атрымала дакладнага пацьверджаньня.

«За гэты пэрыяд нам прыходзіла рознага характару інфармацыя, — працягвае Павал Латушка. — І агульнавядомая ў СМІ аб тым, што нібыта ў дачыненьні да яе спэцслужбы прымянілі так званую „мядовую пастку“, і аб магчымай ліквідацыі ў сувязі з тым, што ёй была пастаўлена задача, якая магла стварыць пагрозу жыцьцю і здароўю калегам у Народным антыкрызісным упраўленьні. І пра тое, што нібыта яе нехта бачыў у Беларусі. Ні адна з вэрсіяў не зьяўляецца канчатковай. Найбольшы абʼём інфармацыі, магчыма, маюць польскія спэцслужбы, ну і, можам меркаваць, і беларускія спэцслужбы».

UAB Onlychain Fintech Limited

Акрамя польскіх спэцслужбаў і беларускіх журналістаў, расьсьледаваньнем справы аб зьнікненьні Анжалікі Мельнікавай вясной 2025 году заняліся таксама прадстаўнікі суполкі «Кібэрпартызаны». Сьпікерка Каардынацыйнай рады па сумяшчэньні займалася адміністраваньнем фонду Białoruś Liberty, празь які часткова фінансаваліся выдаткі «Кібэрпартызанаў» і Каардынацыйнай рады. У сярэдзіне траўня прадстаўнікі суполкі паведамілі, што змаглі аднавіць кантроль над рахункамі фонду, адкуль зьніклі 150 тысяч даляраў. Каля 30 тысяч зь іх былі прызначаныя на дзейнасьць зьвязаных з «Кібэрпартызанамі» ініцыятываў. Рэшту плянавалася патраціць на патрэбы Каардынацыйнай рады.

Паводле абнародаванай у траўні 2025 году інфармацыі, усе сродкі з рахунку фонду Białoruś Liberty былі выведзеныя, апошняя трансакцыя адбылася 24 сакавіка 2025 году.

Юльяна Шаметавец

Расьсьледаваньне «Кібэрпартызанаў» працягваецца. 20 лютага 2026 году прадстаўніца арганізацыі Юльяна Шаметавец у размове з Свабодай паведаміла, што 24 сакавіка 2025 году апошнія прыкладна 150 тысяч злотых Анжаліка Мельнікава (або нехта іншы з доступам да рахунку фонду Białoruś Liberty) перавяла з рахунку ў польскім банку на рахунак літоўскай крыптабіржы UAB Onlychain Fintech Limited. Гэта адносна невялікая літоўская фінтэх-кампанія з 12 супрацоўнікамі, зарэгістраваная ў сьнежні 2021 году. Свабода накіравала на адрас UAB Onlychain Fintech Limited запыт аб далейшым лёсе пераведзеных туды Анжалікай Мельнікавай сродкаў. Адказу на момант публікацыі мы не атрымалі.

«Звычайныя грошы з рахунку ў банку Эўразьвязу могуць пераводзіць у крыптавалюту для таго, каб зручна і хутка скарыстацца імі ў кожным месцы сьвету, у тым ліку ў Беларусі, — тлумачыць на ўмовах ананімнасьці ў размове з Свабодай супрацоўнік беларускай ІТ-кампаніі, які сам карыстаецца паслугамі біржаў крыптавалют. — Літоўская, бо польскі банк нічога не западозрыць. Усё адбываецца нібы ўнутры тэрыторыі Эўразьвязу. А пасьля з гэтымі грашыма можна рабіць што заўгодна, калі з галавой дзейнічаць. Вядома, эўрапейскія спэцслужбы могуць адсачыць, куды пайшлі грошы, дзе іх здымалі. Але ня больш».

Неўзабаве пасьля зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай польская газэта Rzeczpospolita апублікавала матэрыял, дзе згадваўся яшчэ адзін факт, зьвязаны зь дзейнасьцю былой сьпікеркі Каардынацыйнай рады. Паводле інфармацыі выданьня, у 2023 годзе фонд на чале зь Мельнікавай Białoruś Liberty атрымаў ад зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі кампаніі Media Consulting Services Ltd. 405 тысяч злотых (каля 100 тысяч эўра. — РС).

«Мне будзе цяжка паверыць у тое, што яна агентка»

Яшчэ адным чалавекам, які актыўна ўключыўся ў пошукі Анжалікі Мельнікавай у першыя ж дні пасьля яе зьнікненьня, быў сузаснавальнік фондаў BySol i By_help Аляксей Лявончык, які стала жыве ў Лёндане. Аляксей зьвярнуўся з заявай аб зьнікненьні Мельнікавай у брытанскую паліцыю (нагодай для гэтага стаў яе пералёт з Варшавы ў Лёндан. — РС) і абвясьціў збор 10 тысяч эўра, якія абяцаў выплаціць таму, хто падзеліцца інфармацыяй аб лёсе зьніклай сьпікеркі Каардынацыйнай рады. Брытанская паліцыя неўзабаве адказала, што займацца справай зьнікненьня беларускі з польскім грамадзянствам ня будзе. А вось ахвотныя атрымаць грашовую ўзнагароду знайшліся даволі хутка. Праўда, амаль адразу высьветлілася, што ніякай дакладнай інфармацыі пра зьнікненьне Мельнікавай і актуальнае месца яе знаходжаньня яны ня маюць.

Аляксей Лявончык

«Новай інфармацыя ніякай няма, — кажа ў размове з Свабодай Аляксей Лявончык пра тое, што сам ведае аб лёсе Мельнікавай праз год пасьля яе ад’езду з Варшавы. — Тое, што мы ведалі, так яно і засталося. Тыя, хто мне пісаў, што мае відэа зь Мельнікавай, зьнятае у Беларусі, у выніку выслалі мне кавалак працягласьцю 4 сэкунды. Я адказаў ім, што вэрыфікаваць паводле яго нічога немагчыма. Папрасіў поўнае відэа. Але нічога не атрымаў і тыя людзі зьніклі».

З словаў Аляксея, тыя ж людзі ў перапісцы абяцаліся апублікаваць відэа з Анжалікай Мельнікавай, зьнятае ў Беларусі. Але гэтага ў выніку так і не адбылося.

«10 тысяч усё яшчэ ляжаць, — кажа Аляксей. — Але неўзабаве ў нас будзе пункт прыняцьця рашэньня, мы мусім вырашыць, ці пускаць гэтыя грошы на падтрымку палітвязьняў. Я схіляюся да такога варыянту, нельга так доўга трымаць гэтыя грошы»

Нягледзячы на ўсё тое, што стала вядома пра справы Анжалікі Мельнікавай за год пасьля яе зьнікненьня, Павал Латушка ня схільны рабіць адназначных высноваў. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што Мельнікава падчас працы ў Каардынацыйнай радзе заўсёды займала выразную і адназначную пазыцыю ў дачыненьні да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. І гэта дзякуючы яе дзеяньням у студзені 2025 году было прынятае рашэньне Сэнату Польшчы аб прызнаньні Каардынацыйнай рады ў якасьці беларускага парлямэнту на эміграцыі.

Павал Латушка дадае, што Анжаліка Мельнікава, займаючы пасаду сьпікеркі Каардынацыйнай рады, брала на сябе частку выдаткаў на яе дзейнасьць, а ў студзені 2025 году выступала на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, дзе падтрымала прыняцьцё рэзалюцыі ПАРЭ аб непрызнаньні Лукашэнкі ў якасьці прэзыдэнта ў выніку выбараў 2025 году, што можна лічыць моцнымі ўдарамі па дзяржаўнай сыстэме Беларусі.

«З улікам таго, што Анжаліка Мельнікава ўзначальвала фундацыю „Кібэрпартызанаў“, я перакананы, што яна прайшла адпаведную праверку гэтай арганізацыі, якая карыстаецца вялікім аўтарытэтам, — гаворыць Павал Латушка. — Адначасова яна была грамадзянкай Польшчы і таксама прайшла праверку ўсіх адпаведных спэцслужбаў. Нават калі нам пакажуць у бліжэйшы час Анжаліку Мельнікаву жывой і здаровай і яна зробіць пэўную заяву, мне будзе складана паверыць у тое, што гэта была глыбока закансьпіраваная, укаранёная ў структуры дэмакратычных сілаў Беларусі агентка. Нельга выключаць, што яе маглі схіляць да супрацы ў апошнія месяцы перад зьнікненьнем. Занадта шмат шкоды менавіта яе дзейнасьць нанесла рэжыму Беларусі, у тым ліку і Расеі».