Літва, Латвія і Польшча скаардынуюць сваё супрацьдзеяньне гібрыдным атакам Расеі і Беларусі

На літоўска-беларускай мяжы. Ілюстрацыйнае фота

Кіраўнікі ўрадаў Літвы, Латвіі і Польшчы падпісалі супольную заяву аб умацаваньні супрацы ў галіне бясьпекі вонкавай мяжы Эўрапейскага зьвязу і рэагаваньні на гібрыдныя атакі Расеі і Беларусі.

«Удзельнікі абавязваюцца ўзмацніць супрацу для бясьпекі межаў, а таксама эфэктыўна прадухіляць і змагацца з нелегальнай і інструмэнтальнай міграцыяй, кантрабандай тавараў і іншымі формамі арганізаванай злачыннасьці, а таксама зь гібрыднымі пагрозамі на вонкавых межах Эўразьвязу, у тым ліку на сушы, на моры і ў паветранай прасторы. Гэтая супраца будзе разьвівацца ў рамках дзейнай прававой базы на двухбаковым узроўні і ў рамках ЭЗ», — адзначаецца ў супольнай заяве.

Для своечасовай і эфэктыўнай каардынацыі краіны дамовіліся ўзмацніць кантакты на ўзроўні дарадцаў прэм’ер-міністраў у пытаньнях нацыянальнай бясьпекі, а таксама стварыць адмысловыя каналы для абмену інфармацыяй.

Кіраўнікі ўрадаў Літвы, Латвіі і Польшчы дамовіліся праводзіць супольныя вучэньні і праекты для павышэньня індывідуальнай і калектыўнай гатоўнасьці, а таксама супрацоўнічаць у выяўленьні субʼектаў гібрыднай дзейнасьці, іх мэтадаў, тактыкі, працэдур і каардынаваць эфэктыўнае рэагаваньне на іх.

Апроч таго, кіраўнікі ўрадаў будуць праводзіць кансультацыі для ўзгадненьня ўзаемных дзеяньняў, у тым ліку ў галіне кіраваньня пунктамі пропуску на вонкавых межах.

Згодна з заявай, кампэтэнтныя органы будуць кантраляваць выкананьне гэтай дэклярацыі, распрацоўваць пляны дзеяньняў або дарожныя мапы, залежна ад абставін, а таксама рэгулярна ацэньваць прагрэс рэалізацыі і рэкамэндаваць карэкціроўкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: The Telegraph: Расея адпраўляе мігрантаў празь Беларусь у Эўропу па сакрэтных тунэлях

Літва, Латвія і Польшча з 2021 году сутыкнуліся з справакаваным з боку Расеі і Беларусі мігранцкім крызісам, а ў апошні час — з парушэньнямі паветранай прасторы паветранымі балёнамі з тытунёвай кантрабандай. Апроч таго, у Латвіі і Польшчы неаднаразова знаходзілі расейскія бесьпілётнікі, якія Расея выкарыстоўвае для абстрэлу Ўкраіны.

Нядаўна стала вядома, што ў Беларусі разгарнулі сыстэмы рэтрансьлятараў, якія павялічылі магчымасьці расейскай арміі наносіць удары па паўночных рэгіёнах Украіны — ад Кіеўскай вобласьці да Валыні. Некаторыя ўдары, у прыватнасьці па энэргетычных аб’ектах і чыгунцы, расейцы не змаглі б нанесьці без такой дапамогі з боку Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія хакеры выявілі, як расейскія апэратары дронаў выкарыстоўваюць Беларусь