У Польшчы абвінавацілі 6 чалавек у кантрабандзе санкцыйнага абсталяваньня ў Расею, у іх ліку 2 беларусы

Суд у Польшчы, архіўнае фота

Чатыры беларусы і два палякі былі затрыманыя і абвінавачаныя ў спробе кантрабанды ў Расею прылад, якія выкарыстоўваюцца для аўтаматызацыі вытворчасьці інтэгральных схем, сярод іншага, пры зборцы баявых бесьпілотнікаў, паведамілі польскія пракуроры.

Варшава папярэджвала аб спробах Расеі і Беларусі дэстабілізаваць краіны, якія падтрымліваюць Украіну, пасьля таго, як Расея ўварвалася ў краіну 24 лютага 2022 года.

У сераду 25 лютага польскія пракуроры заявілі, што падазраваныя былі затрыманыя 18 лютага і абвінавачаныя ў спробе кантрабанды праз Беларусь стратэгічна значнага абсталяваньня, якое знаходзіцца пад санкцыямі і можа быць выкарыстана ў вытворчасьці ваенных тэхналёгій, піша Reuters.

«Парушэньне палажэньняў закона аб санкцыях кваліфікуецца як злачынства, якое караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін не менш за тры гады», — гаворыцца ў заяве пракурораў.

Трое падазраваных былі зьмешчаныя пад варту на тры месяцы, астатнія трое — пад нагляд паліцыі, пад заклад і забарону на выезд з краіны.

«Папярэднія дзеяньні супрацоўнікаў Нацыянальнай падатковай адміністрацыі дапамаглі прадухіліць спробу кантрабанды машыны, што спрыяла парушэньню патэнцыйных паставак ваеннай тэхнікі войскам Расейскай Фэдэрацыі, якія дзейнічаюць на ўсходзе Украіны», — заявілі пракуроры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы затрымалі трох беларусаў, якіх вінавацяць у працы на замежныя спэцслужбы