Грузія выправадзіла з краіны 85 іншаземцаў, у тым ліку грамадзян Беларусі

Батумі. Ілюстрацыйнае фота

У той жа час у Міністэрстве ўнутраных справаў Грузіі не ўдакладнілі колькасьць дэпартаваных беларусаў.

У Міністэрстве ўнутраных справаў (МУС) Грузіі паведамілі, аб чарговым выправаджэньні з тэрыторыі краіны іншаземных грамадзян.

«У выніку складаных мераў, якія ажыцьцяўляе Дэпартамэнт міграцыі МУС, 85 грамадзян Азэрбайджану, Банглядэш, Беларусі, Эгіпту, Іраку, Турэччыны, Туркмэністану, Емэну, Ярданіі, Індыі, Ірану, Ізраілю, Кот-д’Івуару, Кубы, Нэпалу, Нігерыі, Пакістану, Расеі, Паўднёвай Афрыкі, Армэніі, Судану, Тайлянду, Філіпінаў, Кіргізстану і Кітаю дэпартаваныя. Згодна зь дзейным заканадаўствам, высланым асобам забаранілі ўезд у краіну», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

Паведамленьне суправаджаецца відэзапісам, на якім іншаземцаў у кайданках садзяць у аўтобус і прывозяць у аэрапорт Батумі.

Урад Грузіі пачаў актыўную барацьбу зь нелегальнымі мігрантамі — у краіне зрабілі больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства, спрасьцілі працэдуру дэпартацыі, а таксама ператрусу месцаў жыхарства і працы мігрантаў. Зь вясны 2025 году іншаземцы для працы ў Грузіі павінны мець адмысловы дазвол.

Як паведамілі грузінскія СМІ, у 2025 годзе за парушэньне міграцыйнага заканадаўства з Грузіі выправадзілі больш за 1,3 тысячы іншаземных грамадзян — гэта абсалютны рэкорд. Улады абяцаюць, што такіх выпадкаў яшчэ пабольшае. Паводле ўладаў, цяпер у Грузіі нелегальна знаходзяцца да 20 тысяч іншаземцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Грузіі з новага году пры ўезьдзе ў краіну будуць патрабаваць мэдычную страхоўку