Як паведаміў «Позірк», у скарзе «паставілі пытаньне, ці можа дзяржава распараджацца лёсам сваіх грамадзян як прадметам палітычных дамоўленасьцяў і называць выгнаньне „вызваленьнем“».
«Былую палітзьняволеную, журналістку Ларысу Шчыракову вывезьлі з папраўчай калёніі за некалькі месяцаў да заканчэньня тэрміну. Заканадаўства Беларусі не прадугледжвае выправаджэньня сваіх грамадзян. Не было рашэньня суду аб вызваленьні, як і рашэньня аб выправаджэньні. Не было права на абскарджаньне. Фактычна пазбаўленьне волі было спынена праз прымусовае выгнаньне», — напісаў Леанід Судаленка на сваёй старонцы ў Facebook.
У Ларысы Шчыраковай у Беларусі засталіся пажылы бацька і сын, падчас яе зьняволеньня памерла маці. Клопат пра ўнука на сябе давялося браць 90-гадоваму дзеду.
Пасьля вывазу Шчыракова атрымала ў Літве гуманітарную візу на адзін год. Афіцыйны запыт аб праўным статусе і праве вярнуцца на радзіму органы Беларусі ігнаруюць, адзначыў праваабаронца.
Гомельскі абласны суд 31 жніўня 2023 году пазбавіў Шчыракову волі на 3 з паловай гады паводле артыкулу 369¹ («дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»), ч. 1 і 2 арт. 361⁴ («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці») Крымінальнага кодэксу. Судзьдзя Мікалай Доля разглядаў справу з 27 ліпеня ў закрытым рэжыме.
9 жніўня 2023 году Камітэт дзяржаўнай бясьпекі прызнаў «экстрэмісцкім» фармаваньнем «Гомельскую вясну» — рэгіянальнае аддзяленьне праваабарончага цэнтру «Вясна». Да ўдзельнікаў гэтай групы ведамства залічыла Шчыракову.
Беларуская асацыяцыя журналістаў асудзіла вырак і назвала яго «чарговай расправай і помстай журналістам».
Шчыракову затрымалі 6 сьнежня 2022 году. Яе сына Сьвятаслава, якому на той момант было 15 гадоў, зьмясьцілі ў гомельскі прытулак. Бацька, які прыехаў з Расеі, змог забраць падлетка на пяты дзень пасьля звароту ва ўстанову. Яму не дазвалялі сустрэцца з сынам і запатрабавалі шэраг дакумэнтаў, у тым ліку даведку з працы. Акрамя таго, бацька як грамадзянін Расеі павінен быў аформіць сваю рэгістрацыю ў Беларусі.
Да 2021 году Шчыракова супрацоўнічала з незалежнымі СМІ. Пасьля яна публічна заявіла пра сыход з журналістыкі і пераключылася на этнаграфічныя фотасэсіі.
У верасьні 2024 году, будучы ў зьняволеньні, Шчыракова стала ляўрэаткай прэміі Free Media Awards. Нарвэскі фонд Fritt Ord Foundation, адзін з заснавальнікаў узнагароды, адзначаў, што Шчыракову ўганаравалі прэміяй за яе «адважную і незалежную дзейнасьць у Беларусі».
Шчыракову вызвалілі 11 верасьня 2025 году і прымусова вывезьлі ў Літву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ларыса Шчыракова патрабуе дакумэнтальных доказаў свайго памілаваньня і прычын выдварэньня