У Пакістане агенцыя працы шукае дарожных рабочых на кантракт у Беларусь

Жыхары Пакістану, архіўны здымак

Размовы ўладаў Беларусі пра запрашэньне ў краіну соцень тысяч пакістанцаў разьбіліся аб эканамічную рэчаіснасьць Беларусі і іншыя абставіны. Але пошук работнікаў з Пакістану ўсё ж вядзецца.

Кампанія American International, што месьціцца ў пакістанскім горадзе Равалпіндзі, з 17 лютага шукае людзей ва ўзросьце 18–40 гадоў на 24 вакансіі дарожных рабочых, якія будуць працаваць у Менску. Гэтую інфармацыю заўважыла інфармацыйная агенцыя «Позірк».

Рабочым прапануецца заробак у памеры 600–700 даляраў ЗША, вынікае з абвесткі на сайце Бюро эміграцыі і працаўладкаваньня за мяжой пакістанскага ўраду.

Раней згаданая кампанія шукала працаўнікоў, якія жадаюць займацца перапрацоўкай рыбы ў Берасьці.

З 18 лістапада 2025 году ёсьць дзьве з шасьці вакансій пакістанскай кампаніі R.B.S. Brothers — таксама з Равалпіндзі, — што шукае суграмадзян, якія жадаюць папрацаваць у Беларусі ў якасьці некваліфікаваных рабочых. Прапануецца заробак у памеры 2500 беларускіх рублёў (каля 877 даляраў).

Пры гэтым у горадзе Лахор з 29 кастрычніка мінулага году беспасьпяхова працягваецца пошук 100 ахвочых працаваць у Беларусі па 11 будаўнічых спэцыяльнасьцях з прапанаваным заробкам 600 даляраў. Вызначаны на сайце тэрмін пошуку заканчваецца 26 лютага.

11 красавіка 2025 году Аляксандар Лукашэнка па выніках сустрэчы ў Менску з кіраўніком ураду Пакістану Шахбазам Шарыфам заявіў, што краіны дамовіліся выпрацаваць мэханізм прыезду ў Беларусь пакістанскіх працоўных мігрантаў. Паводле яго слоў, Беларусь гатовая прыняць 100–150 тыс. чалавек. Гэтыя пляны выклікалі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве, якая, у сваю чаргу, выклікала раздражненьне ўладаў. Былі нават затрыманьні тых, хто крытычна ацэньваў падобныя пэрспэктывы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працоўныя мігранты з Пакістану будуць падпісваць абавязацельства ня ўдзельнічаць у нелегальнай міграцыі


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы працуюць больш за эўрапейцаў». Чаму Лукашэнка зноў гаворыць аб працоўных мігрантах?