Сярэдні заробак у Беларусі ў студзені меншы, чым у канцы мінулага году

Беларускія грошы, архіўнае фота

Пры гэтым у Беларусі застаецца высокай інфляцыя.

Як паведаміў Белстат, сярэдні заробак у Беларусі ў студзені 2026 году склаў 2757,1 рубля.

Гэта менш, чым у некаторыя апошнія месяцы мінулага году. Так, у сьнежні 2025 году сярэдні заробак у Беларусі складаў 3117,2 рубля, аднак звычайна ў канцы году налічваюць розныя прэміі і бонусы.

У лістападзе 2025 году заробак склаў 2703,7 рубля, у кастрычніку — 2758,6 рубля, у верасьні — 2746 рублёў, у жніўні — 2762,7 рубля, у чэрвені — 2772,4 рубля. Такім чынам, летась у кастрычніку, жніўні й чэрвені сярэдні заробак перавышаў сёлетні студзеньскі.

Цэны ў Беларусі за першы месяц 2026 году вырасьлі на 0,5%. Інфляцыя за 2025 год у Беларусі, паводле афіцыйных крыніц, склала 6,8%, што перавысіла паказьнікі, заплянаныя ўрадам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сярод прычын росту цэн у Беларусі ў 2025 годзе Нацбанк назваў імпарт інфляцыі з Расеі. А што яшчэ?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Інфляцыя паскараецца: цэны ў Беларусі за першы месяц году вырасьлі на 0,5%