У Беларусі вайскова-патрыятычнай прапагандай на 23 лютага ахапілі выхаванцаў дзіцячых садкоў

Акцыя «Вырастем, ребята, и пойдем в солдаты!» ў дзіцячым садку № 6 у Добрушы Гомельскай вобласьці, люты 2026 году

Дзіцячыя садкі наведваюць дзеці ва ўзросьце ад аднаго да шасьці гадоў.

У дзіцячых садках у розных рэгіёнах Беларусі ў рамках сьвяткаваньня «дня абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сіл Беларусі», які ў краіне яшчэ з савецкіх часоў адзначаюць 23 лютага, прайшлі акцыі, якія мелі прапагандысцкі характар.

Напрыклад, у дзіцячым садку № 6 у Добрушы Гомельскай вобласьці прайшла акцыя «Вырастем, ребята, и пойдем в солдаты!».

«Сьвяткаваньне 23 лютага ў дзіцячым садку — гэта важны элемэнт патрыятычнага выхаваньня, які фармуе ў дзяцей дашкольнага ўзросту ўяўленьні аб мужнасьці, абаронцах Айчыны і любові да Радзімы», — мяркуюць загадчыца дзіцячага садка Вольга Давыдава і яе калегі, паведаміла раённая газэта «Добрушскі край».

Аналягічныя імпрэзы правялі таксама ў Клімавічах Магілёўскай вобласьці і ў Брагіне Гомельскай вобласьці.

Сьвяткаваньне ў дзіцячым садку № 1 «Бярозка» ў Клімавічах. 23 лютага 2026 году

Як паведаміла раённае выданьне «Родная ніва», у дзіцячым садку № 1 «Бярозка» ў Клімавічах у імпрэзе ўдзельнічалі дзеці старэйшай групы і іхныя бацькі.

«Такія сьвяты вельмі важныя для нашых выхаванцаў. Яны ўмацоўваюць сувязь паміж бацькамі і дзецьмі, выхоўваюць пачуцьцё патрыятызму, гонару за сваю Радзіму і яе абаронцаў, а таксама залучаюць у здаровы лад жыцьця», — сказала загадчыца гэтага садка Ксенія Арцюхова.

На сьвяткаваньні дня абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сіл Беларусі ў Камарынскім дзіцячым садку

Раённае выданьне Брагін.by паведаміла аб сьвяткаваньні дня абаронцаў Айчыны і Ўзброеных сіл Беларусі ў Камарынскім дзіцячым садку. Як вынікае з разьмешчаных у Telegram-канале фота, у ім удзельнічалі выхаванцы ня толькі старэйшай групы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уцёкі ад таварыша маёра. Гісторыя беларускай сям’і, якая зьехала за мяжу ад дзяржаўнай ідэалёгіі ў школах

У студзені ўва ўсіх рэгіёнах Беларусі складалі прысягу дзеці, якія ўступалі ў вайскова-патрыятычныя клюбы, створаныя з ініцыятывы міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова.

Паводле папярэдняй інфармацыі, цяпер на тэрыторыі Беларусі ўжо створаныя і дзейнічаюць прыблізна 160 вайскова-патрыятычных клюбаў, якія аб’ядноўваюць больш за 5,5 тысячы хлопцаў і дзяўчат школьнага ўзросту.