Ціханоўская зьвярнулася да ўкраінцаў: «Ўкраіна змагаецца ня толькі за сябе, а ў тым ліку і за вольную Беларусь»

Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская апублікавала зварот да ўкраінцаў з нагоды чацьвёртай гадавіны пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі ва Ўкраіне.

«Чатыры гады таму вераломная Расея напала на Ўкраіну. Чатыры гады як расейскія ракеты і дроны б’юць па дамах, шпіталях, школах. І ўжо адзінаццаць гадоў — як людзі гінуць таму, што Расея вырашыла, што ёй можна ўсё.

Страшна ад самой думкі, што вайна стала штодзённасьцю. Але да гэтага немагчыма прызвычаіцца. Прызвычаіцца да здымкаў разбураных гарадоў. Да навінаў пра загінулых ад чарговай жахлівай атакі. Што дзеці замест школаў ці дзіцячых садкоў вымушаныя хавацца ў бамбасховішчах», — заявіла Сьвятлана Ціханоўская.

Паводле яе словаў, беларусы захапляюцца ўкраінскай мужнасьцю:

«Як вы падтрымліваеце адно аднаго, як бароніце сваю краіну — на фронце і ў тыле. Як працуюць украінскія валянтэры, як лекары ратуюць пад абстрэламі, як энэргетыкі аднаўляюць сьвятло пасьля ўдараў. Як украінцы кожны дзень намагаюцца жыць, кахаць, берагчы адно аднаго — і захоўваюць у сабе чалавечнасьць».

«Мы, беларусы, ведаем, што такое Расея. Мы ведаем яе імпэрскія апэтыты. Мы ведаем, што такое тыранія. Мы разумеем, што сёньня Ўкраіна змагаецца ня толькі за сябе, а за ўсіх нас — у тым ліку за вольную Беларусь».

Ціханоўская згадала, што і чатыры гады таму, і раней многія беларусы пайшлі добраахвотнікамі ваяваць за Ўкраіну.

«Многія заплацілі самым каштоўным — сваім жыцьцём. Нават сёньня, у гэты дзень, многія беларусы знаходзяцца на лініі фронту ці ў расейскім палоне, і мы молімся за іх жыцьцё і за перамогу Ўкраіны.

Мы молімся і за беларускіх палітвязьняў: сотні зь іх знаходзяцца ў турмах за салідарнасьць з Украінай, за тое, што спрабавалі спыніць расейскую тэхніку ці распаўсюджвалі праўду пра вайну».

«Ад вынікаў вайны залежыць і лёс Беларусі. Калі Ўкраіна будзе моцная, а Расея слабая — гэта адкрые шлях і для вызваленьня Беларусі. Бо сёньня нашая краіна ў закладніках двух дыктатараў, яе ператвараюць у расейскую вайсковую базу і зборачны цэх для расейскай арміі. Разьмяшчаюць ядзерную зброю і „Арэшнік“. Гэта ўсё робіцца супраць волі беларусаў. Але наш народ, я ўпэўненая, яшчэ скажа сваё слова.

Мы, беларусы, на баку Ўкраіны, а не агрэсара. Мы — як і Ўкраіна — частка Эўропы, а не „рускага міру“. І разам — мы зможам дабіцца свабоды і міру для нашых народаў. Разам — мы зможам дабіцца справядлівасьці і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці», — заявіла Ціханоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зяленскі зьвярнуўся да ўкраінцаў з нагоды чатырох гадоў поўнамаштабнай вайны і паказаў бункер, у якім яе сустрэў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Больш за 400 чалавек у Беларусі асудзілі за салідарнасьць з Украінай. Хто гэта