«Сёньня роўна чатыры гады, як Пуцін бярэ Кіеў за тры дні. І вось гэта сапраўды вельмі шмат гаворыць пра наш супраціў, пра тое, як змагаецца Ўкраіна ўвесь гэты час. За гэтымі словамі — мільёны нашых людзей, за гэтымі словамі — вялікая сьмеласьць, вельмі цяжкая работа, вытрымка і вялікі шлях, які Ўкраіна пераадольвае з 24 лютага (2022 году)», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў сваім звароце з нагоды чацьвёртай гадавіны з пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня.
Ён нагадаў, што расейска-ўкраінская вайна працягваецца ўжо 12 гадоў — ад анэксіі Крыму і часткі Данецкай і Луганскай вобласьцяў.
Уладзімір Зяленскі адзначыў, што за гэтыя чатыры гады Ўкраіна прайшлі шлях ад моманту, калі ўкраінцам перадавалі бронекамізэлькі, да моманту, калі ўкраінскія прадпрыемствы пачалі вырабляць больш за 3 мільёны FPV-дронаў, а таксама іншую вайсковую тэхніку і ракеты. Ён згадаў Курскую апэрацыю і апэрацыю «Павучына», калі ўдалося правесьці атаку на расейскія авіябазы.
Паводле прэзыдэнта Ўкраіны, украінцы ператвараюць уласную лютасьць у энэргію для барацьбы.
«Можна прымусіць нас спусьціцца ў сховішча, але немагчыма загнаць Украіну пад зямлю назаўжды. Мы абавязкова падымаемся, вяртаемся, мы працягваем змагацца, бо змагаемся мы за жыцьцё. За права стаяць на сваёй зямлі, дыхаць сваім паветрам. І Ўкраіна добра ведае тыя пачуцьці, калі насуперак усяму пасьля адбою (паветранай трывогі) мы падымаемся ўгару і калі з бамбасховішча разам з намі падымаецца надзея, [...] калі ўгару падымаецца ўкраінскі сьцяг, калі ён вяртаўся і вяртаецца туды, дзе мае быць па праве», — адзначыў ён.
Уладзімір Зяленскі падкрэсьліў, што Пуцін «ня здольны перамагчы Ўкраіну на полі бою, і „другая армія сьвету“ ваюе з шматпавярховікамі і электрастанцыямі».
«Цяпер украінцы пераадольваюць найцяжэйшую зіму ў гісторыі. І тэрор амаль штоноч. І я ня ведаю, хто б яшчэ такое вытрымаў, не пасыпаўся, не пахіснуўся. Украінцы гэта робяць. Гэта вялікая стома, безумоўна. Які яшчэ народ можа так? Нягледзячы на вайну, усе гэтыя атакі, усе выпрабаваньні перамагаць зло, перамагаць зьнявераньне, роспач. І трымацца. І трымацца ў еднасьці», — заявіў ён.
«Згадваючы пачатак уварваньня і гледзячы на сёньняшні дзень, мы маем поўнае права сказаць: мы абаранілі незалежнасьць, мы не прайгралі дзяржаўнасьць, Украіна існуе, і ня толькі на мапе. Украіна — суб’ект міжнародных дачыненьняў», — сказаў прэзыдэнт Украіны.
Уладзімір Зяленскі паказаў у сваім офісе бункер, у якім знаходзіўся з пачатку расейскага ўварваньня і праводзіў тэлефонныя перамовы зь лідэрамі іншых дзяржаваў. Ён згадаў, як прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн прапанаваў яму дапамогу, каб пакінуць Украіну, і як ён яму адказаў: «Мне патрэбная зброя, а не таксі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пачала ўзводзіць сховы для самалётаў на сваіх вайсковых базах, а СБУ апублікавала новае відэа з апэрацыі «Павуціна»- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі супраць Украіны 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.