Як паведаміла Міністэрства абароны Мэксыкі ў сацыяльнай сетцы X, апэрацыя праходзіла ў горадзе Тапальпа штату Халіска на захадзе краіны. Паводле ведамства, падчас апэрацыі чальцы наркакартэлю пачалі супраціўляцца, у выніку чатыры чалавекі загінулі на месцы, тры атрымалі цяжкія раненьні і памерлі, калі іх транспартавалі ў верталёце ў лякарню. Сярод гэтых памерлых быў Эль Мэнча.
«Апроч таго, затрымалі яшчэ двух чальцоў гэтай злачыннай арганізацыі, забралі розную зброю і браніраваныя транспартныя сродкі, а тым ліку ракетныя ўстаноўкі, здольныя зьбіваць самалёты і зьнішчаць браніраваныя транспартныя сродкі», — адзначаецца ў паведамленьні.
Раненьні атрымалі таксама тры вайскоўцы.
«Настоящее время» з спасылкай на CBS News паведаміла, што пасьля апэрацыі вайскоўцаў у некалькіх штатах, уключаючы Халіска, пачаліся беспарадкі. Чальцы наркакартэлю падпальвалі аўтамабілі і перакрывалі дарогі — такую тактыку часта выкарыстоўваюць картэлі, каб заблякаваць ваенныя апэрацыі.
Губэрнатар Халіска ўвёў надзвычайны стан і заклікаў жыхароў штату заставацца дома да таго часу, пакуль сытуацыю ня возьмуць пад свой кантроль сілавікі.
У Мэксыцы пэрыядычна праводзяцца ваенныя апэрацыі супраць наркакартэляў. Найчасьцей яны заканчваюцца перастрэлкамі і гібельлю як прадстаўнікоў злачынных арганізацый, так і сілавікоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Злучаных Штатах арыштавалі лідэра мэксыканскага наркакартэлю