У Беларусі чакаюць паводак. Яны могуць ахапіць палову раёнаў краіны

Паводка на Гомельшчыне, архіўны здымак

Каля 60 раёнаў з 118 могуць чакаць падтапленьні, паведамілі ў «Белгідрамэце».

«Белгідрамэт» адзначыў, што за зіму ў краіне выпала вялікая колькасьць сьнегу. Праз гэта шмат у якіх раёнах краіны чакаюцца падтапленьні і паводкі, некаторыя зь якіх могуць быць небясьпечнымі.

Міністар надзвычайных сытуацый Вадзім Сіняўскі, сярод іншых, удзельнічаў у нарадзе наконт падрыхтоўкі да магчымых праблемаў. На тэлеканале СТВ ён расказаў пра падрыхтоўку службаў да магчымых паводак.

Згодна з прагнозамі, у выпадку неспрыяльнага сцэнару падтапленьні могуць ахапіць каля 60 раёнаў. Пад удар у такім выпадку рызыкуюць трапіць населеныя пункты, садаводчыя таварыствы і дарогі, разьмешчаныя паблізу ад басэйнаў буйных рэк.

Ратавальнікі ўжо правялі аналіз і абазначылі ўчасткі, дзе з найбольшай імавернасьцю магчымыя лядовыя заторы. Для апэратыўнай ліквідацыі наступстваў сфармаваныя зводныя групы, у кожную зь якіх уваходзіць ад 30 чалавек. Асаблівая ўвага надаецца захаваньню транспартных зносін у праблемных зонах.

Праз багацьце ападкаў разводзьдзя найбольш чакаюць на рэках Прыпяць, Сож, Дняпро і, адпаведна, у населеных пунктах і раёнах на іх і паблізу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наступствы цыклёну «Улі» ў Беларусі: 251 населены пункт безь сьвятла, заносы на дарогах, транспартны каляпс у Менску

Службы экстранага рэагаваньня не абмяжоўваюцца назіраньнем, але і працуюць на папярэджаньне. Адмыслоўцы абсьледуюць грэблі, дамбы, водарэгулявальныя сыстэмы, масты, трубы. Ствараецца запас каменя, друзу, пяску, жвіру і мешкавіны, гаруча-змазачных матэрыялаў для запраўкі тэхнікі.

Плян прадугледжвае ўсе магчымыя варыянты, аж да эвакуацыі жыхароў падтопленых падворкаў, цэнтралізаванага кармленьня асабовага складу, які задзейнічаны ў ліквідацыі НС, пішуць рэгіянальныя СМІ. Напрыклад, у Добрушы камунальнікі выпрабоўваюць абсталяваньне помпавай станцыі ў мікрараёне Камуна. Пры патрэбе станцыя дазволіць панізіць узровень вады ў каналах і возеры гэтага мікрараёну.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад летапісаў да прагнозаў і дасьледаваньняў: як мяняецца беларускі клімат