Беларускаму грамадзяніну, затрыманаму ў Польшчы, выставілі абвінавачаньне ў шпіянажы

Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы, шыльда на будынку

9 лютага 2026 году супрацоўнікі Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы затрымалі грамадзяніна Беларусі Паўлава Т. (Pavlov T.) на падставе падазрэньня ў шпіянажы на карысьць вайсковай выведкі Беларусі.

Мужчыну даставілі ў Мазавецкае аддзяленьне Дэпартамэнту барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры ў Варшаве.

А ўжо 10 лютага пракурор абвінаваціў беларуса ва ўдзеле ў дзейнасьці беларускіх спэцслужбаў, паведамляе сайт пракуратуры Польшчы.

Як мяркуе польскае сьледзтва, шпіёнская дзейнасьць гэтага чалавека адбывалася з чэрвеня 2024 году па люты 2026 году ў Польшчы, Нямеччыне і Літве. Ён займаўся выведкай аб’ектаў крытычна важнай інфраструктуры, а таксама аб’ектаў, важных для абароны Польшчы і NATO.

Паўлава Т. дапыталі ў якасьці падазраванага. На гэтым этапе польская пракуратура не раскрывае яго працэсуальную пазыцыю.

11 лютага 2026 году суд задаволіў хадайніцтва пракурора і прызначыў падазраванаму меру стрыманьня ў выглядзе папярэдняга ўтрыманьня пад вартай цягам трох месяцаў. Паводле артыкулу, які інкрымінуюць грамадзяніну Беларусі, яму пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ня менш за 5 гадоў.

Расьсьледаваньне працягваецца.

Арышт і выстаўленьне абвінавачаньняў таксама сталі вынікам супрацы Агенцтва ўнутранай бясьпекі зь нямецкай (BfV) і літоўскай (VSD) службамі выведкі.

Раней у гэтым месяцы стала вядома пра затрыманьне ў Варшаве непасрэдна ў адным з будынкаў Міністэрства абароны грамадзяніна Польшчы, які працаваў у вайсковай сыстэме звыш 30 гадоў. Яго падазраюць у шпіянажы на карысьць КДБ Беларусі і ФСБ Расеі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: КДБ Беларусі за мяжой: як вярбуюць, шантажуюць і выкрываюць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Меркаваны шпіён ФСБ і КДБ працаваў у Міністэрстве абароны Польшчы больш за 30 гадоў