Інсульт за кратамі. Што перажыў Мікола Статкевіч і як такое перажываюць іншыя вязьні беларускіх турмаў

Мікола Статкевіч дома пасьля перажытага за кратамі інсульту. Фота з фэйсбук-акаунта maryna.adamovic

21 студзеня ў палітвязьня Міколы Статкевіча ў калёніі адбыўся інсульт. Яго тры тыдні трымалі ў рэанімацыі ў Менску, пасьля чаго вызвалілі. Расказваем, як вязьні беларускіх турмаў перажываюць інсульт і да чаго ён можа прывесьці без адпаведнай дапамогі.

Пра тое, што Мікола Статкевіч знаходзіцца дома, стала вядома ўвечары 19 лютага. Як паведамілі ў размове з Свабодай блізкія сям’і Статкевіча, дадому ён трапіў пасьля інсульту, які адбыўся 21 студзеня.

Праз больш чым месяц пасьля гэтага здарэньня Мікола Статкевіч яшчэ мае праблемы з маўленьнем. Ён знаходзіцца пераважна дома, перасоўваецца самастойна.

Паводле прэсавай сакратаркі Аляксандра Лукашэнкі Натальлі Эйсмант, аб тым, што ў Міколы Статкевіча за кратамі здарыўся інсульт, паінфармавалі асабіста Лукашэнку. Той распарадзіўся «тэрмінова перавесьці яго ў лякарню», дзе хворага забясьпечылі ўсёй патрэбнай і своечасовай дапамогай і адпусьцілі дадому пасьля неабходнай рэабілітацыі. Паводле зьвестак выданьня «Новая газета Европа», напачатку пасьля перанесенага інсульту Статкевіч быў у цяжкім стане. Яго кармілі праз спэцыяльнае прыстасаваньне.

Мікола Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы. Кадр з камэры назіраньня на мяжы

Пра тое, што Мікола Статкевіч памілаваны, стала вядома яшчэ ў сярэдзіне верасьня 2025 году, калі яго разам з групай іншых беларускіх палітвязьняў вывезьлі на беларуска-літоўскую мяжу. Тады Статкевіч зьяжджаць зь Беларусі адмовіўся, і яго вярнулі ў Глыбоцкую турму.

«Нават ад працы ня вызвалілі»

Былы палітзьняволены Павал (поўныя імёны былых зьняволеных мы не называем дзеля бясьпекі. — РС) у размове з Свабодай кажа, што інсульт у зьняволеных — зьява нярэдкая. Будучы ў Жодзінскім СІЗА, Павал трапіў у камэру для тых, хто перанёс інсульт. Памяшканьне гэтае мела адпаведную назву «інсультнік».

«Там, акрамя мяне, быў адзін шызафрэнік і чалавек пасьля інсульту. Яго датуль нібыта лячылі ў звычайным шпіталі, але вельмі хутка выпісалі — літаральна праз тыдзень пасьля інсульту. Чалавек быў вельмі аслаблены, дэзарыентаваны, з парушаным маўленьнем, ён уставаў у прыбіральню, трымаючыся за сьценку. Яму давалі пару таблетак і ўсё. І літаральна праз тыдзень яго перавялі ў звычайную камэру. Не ўяўляю, як ён там здолеў далячыцца», — узгадвае Павал.

Папраўчая калёнія № 13 ў Глыбокім, дзе утрымлівалі Міколу Статкевіча. Архіўнае фота

Яшчэ адзін былы палітвязень Андрэй таксама ўзгадвае, што так званых «інсультнікаў» у калёніях шмат, яны ёсьць ува ўсіх атрадах.

«Толькі па паходцы можна вызначыць, што ў чалавека праблема была, іншых яшчэ можна вызначыць па маўленьні ці крывой усьмешцы. У мяне быў сябра-інсультнік, які на праверцы стаяў побач са мной. Дык ён дрэнна хадзіў. Адмыслова сам займаўся рэабілітацыяй у спартовым гарадку, адціскаўся, прысядаў, але ня вельмі дапамагала. Ён рэгулярна хадзіў у мэдчастку па лекі, на агляды, але ў лякарню яго больш ня клалі. Атрымліваў з дому толькі вітаміны. Усе іншае мусіць выпісваць турэмны лекар, які выдае толькі тое, што ў іх ёсьць, ды яшчэ эканоміць. Ніякіх патураньняў яму не было, нават ад працы ня вызвалілі. Пасьля інсульту нікога з калёніі звычайна не вызваляюць», — кажа былы палітвязень.

Паводле абодвух суразмоўцаў, у тых вязьняў, якія за кратамі перанесьлі інсульт, часта ўзьнікаюць псыхічныя праблемы, яны пачынаюць вельмі непакоіцца за сябе. Іх палохае паўтарэньне інсульту.

«Плюс непакой за сям’ю. Мой сябар пасьля інсульту пачаў думаць, што жонка яго кіне, разьвядзецца, навошта ён ёй такі? Гэтымі думкамі ён дзяліўся», — узгадвае Андрэй.

Найперш хуткая дыягностыка

Інсультам называюць вострае парушэньне кровазвароту ў галаўным мозгу. Былы турэмны лекар, праваабаронца, прадстаўнік ініцыятывы «Лекары за праўду і справядлівасьць» Васіль Завадзкі ў размове з Свабодай гаворыць, што існуе дакладны клінічны пратакол Міністэрства здароўя, абноўлены ў 2024 годзе, дзе паэтапна расьпісаныя ўсе дзеяньні на выпадак інсульту: ад дыягностыкі і выкліку хуткай дапамогі да таго, куды трэба везьці пацыента, што зь ім рабіць, як лячыць і праводзіць рэабілітацыю.

Васіль Завадзкі

Васіль Завадзкі падкрэсьлівае, што мэдыкі пэнітэнцыярнай сыстэмы таксама мусяць кіравацца гэтым пратаколамі адпаведна зь дзейным заканадаўствам і ведамаснымі інструкцыямі.

«Найперш — хуткая дыягностыка, якая павінна быць пастаўлена ў калёніі. У турэмных мэдыкаў павінна хапаць кампэтэнцыі, каб западозрыць інсульт паводле прыкметаў. І тэрміновы выклік хуткай дапамогі. Час у такой сытуацыі адыгрывае вырашальную ролю.

У пратаколе напісана — да 4 з паловай гадзін можа прайсьці ад сымптаматыкі да першай дапамогі. Калі своечасова аказаць дапамогу, імавернасьць больш-менш пазытыўнага выніку ёсьць.

Падкрэсьліваю: у калёніі немагчыма аказаць прафэсійную дапамогу. У рэгіёнах гэта хуткая дапамога і лячэньне ў гарадзкіх шпіталях. Калі ў Менску — гэта рэспубліканскі турэмны шпіталь у Калядзічах (побач з новым СІЗА)», — гаворыць Васіль Завадзкі.

Ён дадае, што інсульт можа быць розным. Вылучаюць два асноўныя віды: ішэмічны і гемарагічны інсульт. У першым, больш складаным выпадку пацыенту неабходны тромбалізіс (мэдычная працэдура, скіраваная на распушчэньне тромбу. — РС) ці нават хірургічнае выдаленьне тромбу. Калі гэта гемарагічны інсульт — стабілізацыя артэрыяльнага ціску.

«Калі патрэбнае нэўрахірургічнае ўмяшаньне, гэта ўзровень сур’ёзнай мэдыцыны. У калёніі ці іншай такой установе (СІЗА, ІЧУ) гэта немагчыма зрабіць», — кажа Васіль Завадзкі.

З словаў былога турэмнага мэдыка, звычайна першасную дапамогу пры інсульце аказваюць у рэанімацыі. Потым можа быць нэўралягічнае альбо кардыялягічнае аддзяленьне. У ідэале, гаворыць суразмоўца, чалавека зьмяшчаюць у шпіталь, лечаць тры-чатыры тыдні.

Мікола Статкевіч незадоўга да арышту на выбарчым пікеце каля менскага Камароўскага рынку, чэрвень 2020 году

Прыкладна гэта адбылося і зь Міколам Статкевічам. Дакладна невядома, які менавіта від інсульту здарыўся ў палітыка за кратамі. З дасяжнай на гэты момант інфармацыі вынікае, што турэмныя мэдыкі дзейнічалі ў адпаведнасьці з працэдурамі і змаглі своечасова перадаць яго цывільным.

Васіль Завадзкі дадае, што пасьля лекаваньня і першаснай рэабілітацыі ў цывільным шпіталі вязьні, што перанесьлі інсульт, звычайна вяртаюцца за краты.

«На жаль, гэты хворы вяртаецца ў калёнію. І тут пачынаецца іншая гісторыя. Павінны ісьці рэабілітацыйныя захады. Але ў калёніі няма ні спэцыялістаў, ні магчымасьцяў. То бок яны мусяць выконвацца, але не выконваюцца. Таму патрэбная рэформа сыстэмы турэмнай мэдыцыны. У калёніях павінны быць сацыяльныя работнікі. Трэба вызначыць, ці ёсьць падставы для прызначэньня групы інваліднасьці. У большасьці тых, хто перажыў інсульт, яны ёсьць. Чалавека павінны накіраваць на агляд ў МРЭК (мэдычная рэабілітацыйна-экспэртная камісія. — РС) — але гэтага ня робіцца», — кажа Васіль Завадзкі.