Скакуха ў вышыню Марыя Жодзік пабіла асабісты рэкорд у залі і перамагла на міжнародных спаборніцтвах

Марыя Жодзік, архіўнае фота

Беларуска, якая ўжо некалькі гадоў выступае за Польшчу, дасягнула новай вяршыні.

На прэстыжным міжнародным турніры ў закрытых памяшканьнях Марыя Жодзік скокнула на 1,98 м. Гэта адбылося на Copernicus Cup у Торуні — адным з этапаў сэрыі World Athletics Indoor Tour.

Беларуска з польскімі грамадзянствам здабыла перамогу ў турніры і атрымае прызавыя грошы ў памеры $10 000. Вынік, паказаны на турніры, — рэкорд Жодзік у такога кшталту залях. Яшчэ ніколі ў закрытых памяшканьнях ураджэнка Баранавічаў не скакала гэтак высока.

У Торуні прайшоў фінальны, восьмы этап зімовай сэрыі. Паказьнік Жодзік найлепшы ў сэзоне ў закрытых памяшканьнях. Яна апярэдзіла Ламару Дыстын зь Ямайкі і Юлію Леўчанку з Украіны, якія скокнулі на 4 см ніжэй.

За некалькі дзён да паездкі Марыі Жодзік у Торунь Падляская алімпійская рада прызнала яе спартоўкай 2025 году.

У 2020 годзе Жодзік падпісала адкрыты ліст спартоўцаў за сумленныя выбары і супраць гвалту. Як і шэраг іншых спартоўцаў, яна вымушаная была пакінуць Беларусь.

Цяпер Марыя жыве і трэнуецца ў Беластоку. У 2024 годзе ёй далі польскае грамадзянства. За кароткі час Марыя выбілася ў шэраг найлепшых прадстаўніц польскай лёгкай атлетыкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Марыю Жодзік прызналі спартоўкай 2025 году паводле вэрсіі Падляскай алімпійскай рады


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паслабленьне санкцый МАК, футбольны клюб дыяспары, мэдаль Жодзік. Вынікі 2025 году для беларускага спорту